Катаванні і жорсткае абыходжанне у гомельскай жаночай калоніі № 4

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прэзентаваў сваё новае расследаванне. З сённяшняга дня яно даступна на беларускай, рускай і ангельскай мовах.

На працягу некалькіх гадоў каманда дакументатараў, юрыстаў і аналітыкаў камітэта фіксавала і аналізавала паказанні былых вязняў рэжыму, якія адбывалі незаконныя палітычныя тэрміны ў Гомельскай ПК-4, і выявіла мноства абуральных фактаў парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці.

Паказанні сведак далі нам магчымасць скласці максімальна дакладную і часам шакавальную карціну таго, што ж насамрэч адбываецца ў засценках папраўчай жаночай калоніі ў Гомелі, дазволіўшы вачыма зняволеных зірнуць не толькі на ўмовы ўтрымання, а таксама на ўмовы працы і адбывання ўнутраных пакаранняў, створаныя для жанчын у ПК-4.

За час працы над гэтым расследаваннем мы скрупулёзна вывучылі гісторыі і сведкавыя паказанні 20 былых палітвязынак, якія адбывалі незаконныя тэрміны ў ПК-4 у перыяд з мая 2021 па люты 2024 года, старанна вывучыўшы для гэтага 1 818 старонак тэксту.

«Сумарная працягласць тэрміну адбыцця пакарання гэтых жанчын у ПК-4 склала 314 месяцаў. Сярэдні тэрмін знаходжання ў ПК – 4 кожнай з іх – 15,7 месяцаў. Усе задакументаваныя намі палітвязынкі былі асуджаныя пасля прэзідэнцкай кампаніі 2020 – га года, – каментуе сузаснавальнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі Сяргей Усцінаў. – За час працы над расследаваннем мы знайшлі пацверджання таму, што ў адплату за «палітычную пазіцыю» зняволеных у ПК-4 сапраўды часам утрымліваюць ва ўмовах катавання і ствараюць для іх невыносныя ўмовы адбыцця «пакарання». У прыватнасці, блакуюць перапіску з роднымі, прыпісваюць парушэнні, утрымліваюць у ШІЗА і ПКТ, забараняюць ўнутраную камунікацыю з «палітычнымі», наўмысна не аказваюць медыцынскую дапамогу, пагражаюць расправай, прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні, падвяргаюць зневажанням і «голым шмонам», забараняюць спатканні з блізкімі, блакуюць перадачы, падвяргаюць фізічнаму і псіхалагічнаму прэсінгу…»

І гэта далёка не поўны пералік парушэнняў правілаў умоў утрымання зняволеных у засценках ПК-4, які выявілі спецыялісты Камітэта ў працэсе працы над расследаваннем.

Пра выпадкі рэпрэсій і часам бесчалавечнага стаўлення адміністрацыі калоніі да палітычных зняволеных аўтары расследавання распавядаюць словамі саміх жанчын, якія ўжо высвабадзіліся з ПК-4 і цалкам адбылі незаконныя тэрміны.

Менавіта таму істотная частка расследавання пададзеная ў матэрыяле ў форме цытат былых «вязніц рэжыму». На погляд аўтараў, такі падыход дазваляе максімальна дакладна перадаць стан жанчын, якія прайшлі праз ПК-4.

«У расследаванні падрабязна апісаны бытавыя ўмовы ўтрымання жанчын, умовы працы ў калоніі, умовы адбыцця пакарання ў ШІЗА і ПКТ, таксама падрабязна апісаны ўсе формы «рэпрэсій», якім жанчыны падвяргаюцца ў ПК-4, – каментуе юрыстка Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі Алена. – Асобную главу свайго расследавання мы таксама прысвяцілі тым, хто мае дачыненне да жорсткага абыходжання з жанчынамі ў ПК-4 – назвалі іх імёны, прозвішчы, званні і пасады. Са слоў былых палітвязняў мы таксама падрабязна распісалі ўсё тое, што ў ПК-4 іх прымусілі перажыць канкрэтныя супрацоўнікі калоніі».

Аўтары расследавання будуць удзячныя, калі вынікі іх працы лягуць у аснову журналісцкіх матэрыялаў і такім чынам наблізяць пакаранні для сапраўдных злачынцаў і дазволяць даведацца пра тое, што адбываецца ў ПК-4 шырокай грамадскасці, у тым ліку на міжнароднай арэне.


Поўную версію расследвання можна спампаваць ТУТ