«Я ні разу не чуў, каб чалавека так мучылі. Праз аднаго хрысціліся ад гэтага крыку…»

У перыяд з 9 па 13 жніўня 2020 года Цэнтральнае РУУС Мінска стала арэнай для бязлітасных катаванняў і здзекаў з затрыманых мірных пратэстоўцаў. Паводле звестак Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, гэтымі днямі праз сцены гэтай установы прайшло ад 400 да 600 чалавек, сярод якіх былі нават непаўнагадовыя і замежныя грамадзяне.

Апытаныя намі пацярпелыя кажуць пра бесчалавечныя умовы ўтрымання, фізічны гвалт (збіцці, пагрозы, ужыванне электрашокераў) і псіхалагічны ціск. Асабліва жорстка абыходзіліся з тымі, хто быў затрыманы па “палітычных” артыкулах, меў нацыянальную сімволіку або адрозніваўся нефармальнай знешнасцю. Уначы, пад дажджом, затрыманыя гадзінамі ляжалі тварам у асфальт або стаялі ля сцяны ў пакутлівых позах з паднятымі або адведзенымі назад рукамі. Нярэдка кісці рук былі перацягнутыя пластыкавымі будаўнічымі сцяжкамі ці кайданкамі.

Некалькі цытатаў:

«Наступаюць на ногі і намагаюцца вывярнуць шчыкалатку, для таго каб было балюча. Потым кладуць тварам у асфальт і ціснуць на патыліцу».

Паводле сведчанняў пацярпелага

«Па абодва бакі выбудоўваюцца міліцыянты з дубінкамі, і ты павінен праз гэты калідор прабегчы ў аўтазак».

Паводле сведчанняў пацярпелага

«Узялі спірт, то бок аблілі яго спіртам, як я зразумеў па паху, ну і кажуць: “Усё, мы зараз нах… спалім”».

Паводле сведчанняў пацярпелага

Расследавальнікі Міжнароднага камітэта старанна прааналізавалі 54 інтэрв’ю з пацярпелымі (гэта 772 старонкі тэксту), а таксама 137 старонак фатаграфій траўм і медыцынскіх дакументаў, на падставе чаго была складзена храналогія падзей.

Грунтуючыся на адкрытых крыніцах, а таксама дзякуючы інфармацыі, прадастаўленай ПЦ “Вясна” і КіберПартызанамі, мы склалі спіс супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС, якія з найбольшай імавернасцю ўдзельнічалі ў катаваннях затрыманых. Усяго ў спісе 88 супрацоўнікаў РУУС.

З дапамогай задакументаваных намі пацярпелых мы правялі апазнанне патэнцыйных злачынцаў. Працэс апазнання ўскладняўся наступнымі фактарамі: большасць сілавікоў былі ў балаклавах або медыцынскіх масках; многія з пацярпелых на тэрыторыі Беларусі асцерагаюцца рэпрэсій і вырашылі не ўдзельнічаць у працэсе апазнання; акрамя гэтага, з моманту падзей прайшло больш за тры гады, таму многія дэталі і вобразы сцерліся ў памяці апытаных.

Тым не менш, у поўнай версіі справаздачы мы прыводзім спіс з 33 сілавікоў, якіх удалося апазнаць пацярпелым.

Важна! Віна гэтых людзей павінна быць даведзеная ў судзе. Мэта расследавання палягае толькі ў тым, каб захаваць доказы і забяспечыць вяршэнства правасуддзя.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць прыняць меры і падтрымаць пацярпелых, дамагаючыся адказнасці за здзейсненыя злачынствы. Трэба спыніць цыкл гвалту і беспакаранасці, каб такія падзеі ніколі не паўтарыліся.

Расследаванне праведзена дзякуючы падтрымцы: