Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі апублікаваў новае расследаванне. З сённяшняга дня расследаванне даступнае на беларускай і рускай мовах.
На працягу некалькіх гадоў каманда дакументатараў, аналітыкаў і праваабаронцаў Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі фіксавала і аналізавала сведчанні былых палітвязняў, якія адбывалі незаконныя тэрміны ў мужчынскай папраўчай калоніі №17 у горадзе Шклоў. У выніку быў выяўлены шырокі спектр грубых парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці.
Сведчанні сведкаў дапамаглі аднавіць дэталёвую, месцамі шакавальную карціну таго, што адбываецца за калючым дротам ПК №17: ад умоваў утрымання і працы да механізмаў ціску і пакаранняў, якія прымяняюцца да палітычных зняволеных.
У працэсе падрыхтоўкі справаздачы былі вывучаны сведчанні 18 былых вязняў рэжыму, змешчаных у ПК №17 у перыяд са снежня 2020 па чэрвень 2024 года. Агульны аб’ем прааналізаваных матэрыялаў склаў 836 старонак.
Асаблівая ўвага ў расследаванні нададзена смерці Вітольда Ашурка ў траўні 2021 года, гібель якогп выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Афіцыйная версія — «спыненне сэрца» — была аспрэчана незалежнымі экспертамі, якія ўказваюць на прыкметы гвалтоўнай смерці. Ніхто з супрацоўнікаў калоніі дагэтуль не быў прыцягнуты да адказнасці.
Камітэт спадзяецца, што вынікі расследавання стануць грунтам для журналісцкіх расследаванняў і праваабарончай працы, дапамогуць прыцягнуць вінаватых да адказнасці і ўзмоцняць ціск на рэжым, які сістэматычна парушае правы чалавека ў Беларусі.

Поўную версію расследвання можна спампаваць ТУТ