Са жніўня 2020 года тысячы беларусаў і беларусак прайшлі праз катаванні і жорсткае абыходжанне з боку сілавых структур. Яшчэ больш людзей штодня становяцца сведкамі падобнага стаўлення праз блізкіх ці навінавыя стужкі. Нічога з гэтага не перажываецца нашай псіхікай лёгка. Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі апытаў беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, пра тое, як моцна паўплывалі на іх рашэнне пра ўдзел у ваенных дзеяннях падзеі апошніх трох гадоў.
Змест
УСТУП
Як мы рабілі гэты праект
Частка першая – 2020 г.
Першае пытанне:
Уцягнутасць у актывізм да пачатку пратэстаў 2020 года
Другое пытанне:
Матыў удзелу ў пратэстах пасля выбараў 2020 года
Трэцяе пытанне:
Як жыў_ла паміж 2020 і 2022?
Частка другая – 2022 г.
Чацвёртае пытанне:
Рэакцыя на поўнамаштабнае ваеннае ўварванне Расіі ва Украіну
Пятае пытанне:
Матыў рашэння стаць добраахвотнікам
Шостае пытанне:
Уяўленні пра будучыню
ЗАКЛЮЧЭННЕ
P. S.: Нашая агульная будучыня
УСТУП
Як мы рабілі гэты праект
З першых дзён поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну пачалі з’яўляцца навіны пра тое, што беларусы ды беларускі далучаюцца да шэрагаў Узброеных сілаў Украіны (далей – УСУ). У інтэрв’ю добраахвотнікаў прасочваліся два агульныя моманты: мала ў каго быў баявы вопыт дагэтуль, таксама яны ўспаміналі пра перажыты ў 2020 годзе гвалт. Многія з іх распавядалі пра перажытыя катаванні і жорсткае абыходжанне з боку сілавых структураў. Пачала прасочвацца ўзаемасувязь іх рашэння стаць добраахвотнікамі і траўматычнага вопыта беларускіх пратэстаў.
12 жніўня 2020 году шаснаццацігадовы Цімур Міцкевіч быў збіты да такой ступені, што лекарам давялося ўводзіць яго ў штучную кому. «Пазней Цімур стаў “падазраваным” па крымінальнай справе. Мама Цімура памерла, а хлопец прапаў з бальніцы. «Знайшоўся» ён толькі ў студзені, апынулася, што хлопец тады збег з Беларусі», – напісала аб гэтым журналістка Яўгенія Доўгая.
Пасля публікацыі аб службе Цімура ў добраахвотніцкім Палку ім. К. Каліноўскага (далей – ПКК), які абараняе тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, аўтары праекту паставілі перад сабой пытанне: «Ці пайшоў бы Цімур на вайну, калі б не жнівень 2020?»
Запрошаны крызісны псіхолаг (з меркаванняў бяспекі ананімнасць захававана) мы склалі апытальны ліст, для беларускіх добраахвотнікаў. Пытанні ў ім дапамаглі раскрыць інтэрв’юяваных праз іх стаўленне да падзеяў да і пасля жніўня 2020 г., а таксама зразумець матыў удзелу ці няўдзелу ў кожным з іх, а таксама даведацца, як яны бачаць бліжэйшую будучыню. Інтэрв’ю праводзіў Дзям’ян Папоў, ён апытаў 15 дабраахвотнікаў: 1 жанчыну і 14 мужчын. Толькі двое з іх мелі невялікі армейскі вопыт раней. Імёны суразмоўцаў таксама не публікуюцца па меркаваннях бяспекі.
Паслядоўнасць пытанняў можна прадставіць у выглядзе лінейкі з асноўнымі падзеямі апошніх гадоў:
У гэтым матэрыяле пойдзе гаворка аб псіхалагічнай траўме. Амерыканская асацыяцыя псіхолагаў тлумачыць яе як рэакцыю на «любы трывожны вопыт, які прыводзіць да значнага страху, бездапаможнасці, дысацыяцыі, замяшання ці іншых разбуральных пачуццяў, дастаткова моцных, каб зрабіць доўгі негатыўны ўплыў на адносіны, паводзіны і іншыя аспекты функцыянавання чалавека і якія часта ставяць пад сумнеў уяўленне чалавека пра свет як пра справядлівае, бяспечнае і прадказальнае месца». Такі вопыт прыносяць прыродныя і тэхнагенныя катастрофы, войны, катаванні, акты тэрарызму, цяжкія хваробы, згвалтаванні і іншыя падзеі, з якімі людзі не сутыкаюцца стала.
Тым не менш, у матэрыяле не ставяцца дыягназы. Таму што гэты праект — не паўнавартаснае даследаванне псіхалагічнай траўмы, а рэфлексія над адчуваннямі і пачуццямі апошніх трох гадоў, якія знаёмыя мноству беларусаў, а яшчэ — спроба задаць нам усім правільныя пытанні, адказы на якія прыходзяць не адразу.
Наколькі і як быў уцягнут_ая ў актывізм да пачатку пратэстаў 2020 г.?
Большая частка нашых суразмоўцаў (9 з 15) былі палітычна актыўныя яшчэ да 2020 года: чацвёра – перыядычна, пяцёра – пастаянна. Сярод шасцёх інтэрв’юяваных, якія распавядаюць пра тое, што да 2020 года яны вялі жыццё звычайнага сярэдняга чалавека і палітыкай не займаліся, пераважная большасць сведчыць пра сваю сфармаваную пазіцыю ў дачыненні да жыцця краіны: «Уладу атрымліваюць людзі, якім увогуле яе не трэба даваць…», «Кацапы, маскалі – гэта нашыя ворагі», «Дзяржаве становіцца пляваць на людзей», «Станавілася з кожным годам усё горш і горш».
Частка першая – 2020 г.
Вынікі адказу на першае пытанне
Сярэдні ўзрост нашых суразмоўцаў 30 гадоў, то бок 8 з іх нарадзіліся не раней за 1993 год і ўсё жыццё пражылі пры рэжыме Лукашэнкі. У дакладзе Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі апісваецца гістарычны кантэкст фармавання рэжыму Лукашэнкі і яго рэпрэсіўнай сістэмы, якая ў 2020 годзе запрацавала на поўную сілу.
Тром суразмоўнікам на момант правядзення апытанняў (канец 2022 – пачатак 2023) было не больш за 25 гадоў. Двое з іх ў сілу ўзросту не пагружаліся ў тое, што адбывалася да 2020 года.
«Пазіцыя была больш чым нейтральная, таму што мне ў той момант было не так шмат гадоў, улада… Не скажу, што яна мне падабалася, мне не падабаліся пэўныя законы».
М2
«Мая цікаўнасць да палітычнага жыцця пачалася дзесьці ў 2017 годзе, да гэтага яна не адбывалася – у сілу таго, што я быў маленькага ўзросту і хвалявалі [мяне] іншыя пытанні. У 2017 пачаў актыўна вывучаць гісторыю, цікавіцца палітычным жыццём і гэта ўцягнула мяне ў тыя рухі, якія праходзілі да 2020 года».
М11
Трэці пачаў цікавіцца тым, што адбывалася ў краіне, дзякуючы бацькам, якія чыталі альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі, незалежныя СМІ. З часам ён пачаў займацца актывізмам.
«Агулам неяк зацікавіўся палітыкай яшчэ годзе так у 2015, то бок мне было гадоў 14-15. Гэта яшчэ ад бацькоў пайшло, таму што яны заўжды чыталі нейкія незалежныя інфармацыйныя парталы, так і я да гэтага прыйшоў».
М14
Амаль усе ўспамінаюць пра нязгодзу з рашэннямі дзяржаўнага апарату. Але яны ў рэдкіх выпадках маглі праявіць сваю пазіцыю і паўплываць на гэтыя рашэнні. Таму, як і большасць беларусаў і беларусак, яны стараліся прыстасоўвацца да таго, што адбываецца. Двое суразмоўцаў кажуць пра тое, што адчувалі расчараванне у актывізме.
«Быў удзельнікам моладзевых арганізацый яшчэ ў 15-16 гадоў, але пасля Плошчы 2006 я крыху расчараваўся ва ўсім апазіцыйным руху агулам, і да 2010 года ў прынцыпе перастаў удзельнічаць у чым-небудзь. […] І, у прынцыпе, да 2020 года я не ўдзельнічаў, паколькі адчуваў поўнае расчараванне як ва ўмоўным беларускім народзе, так і канкрэтна ў тых апазіцыйных лідарах і рухах».
М6
«Уладу я ніколі не падтрымліваў, той чалавек, які называў сябе прэзідэнтам, для мяне ім ніколі не з’яўляўся. Але было разуменне такое, што хутчэй за ўсё сапраўды большасць у краіне задавальняе такі стан рэчаў і адчуванне было такое, што справа не ў тым, што людзі падтрымліваюць, а жывуць па прынцыпе: сям’ю расціць, на працу хадзіць, стварыць свой асобны свет, які не тычыцца ўлады».
М3
Людзі прытрымліваліся правіла: вы не чапаеце нас, а мы – вас. Два бакі быццам дамовіліся м не звяртаць увагу адно на аднога, жыць у двух паралельных сусветах. Адзін існаваў пры падтрымцы дзяржавы, але патрабаваў беспярэчнай лаяльнасці, другі ж апіраўся на зусім іншыя каштоўнасці і развіваўся хутчэй насуперак навакольнай прасторы. Часам яны дакраналіся і нават супрацоўнічалі, але кожны займаўся сваім.
Праваабаронцы, апазіцыйныя палітыкі і актывісты казалі пра катаванні і жорсткае абыходжанне на працягу шматлікіх гадоў, але ўлады ігнаравалі іх. Да прыкладу, пра стаўленне да зняволеных і ўмовы ўтрымання яшчэ ў 2008 годзе пісаў былы палітычны зняволены Сяргей Парсюкевіч. Шмат што з яго апісання перагукаецца з сучаснымі беларускімі рэаліямі, і ў многіх не выкліча здзіўлення, але 15 гадоў таму гэты матэрыял не трапіў у поле зроку шырокай грамадскасці.
Любы пратэст заглушаўся з дапамогай сілы, як, напрыклад, мірныя акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў 2006 і 2010 гадоў. Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», у абоіх выпадках каля 700 чалавек былі затрыманыя і асуджаныя. Гэтыя акцыі былі малаэфектыўныя, як і пратэсты супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі ў 2019 годзе:
«Трэба разумець кантэкст таго перыяду. Напрыклад, у 2019 годзе, калі былі падпісаныя пагадненні паміж Беларуссю і Расіяй, таксама была хваля пратэстаў супраць гэтага. […] Усё было настолькі мякка, што ўлады не бачылі ў нас ніякай небяспекі, і мы разумелі, што нічога асабліва зрабіць не можам».
М15
Усё змянілася 11 сакавіка 2020 года, калі САЗ абвесціла пра сусветную пандэмію ў сувязі з COVID-19. Увесь свет паралізавала ад лакдаўнаў, а беларускія ўлады адмаўлялі праблему і прапаноўвалі абсурдныя метады барацьбы з ней. Пытанне «жыцця і смерці» паўстала настолькі востра, што людзі ўзялі адказнасць на сябе. Хтосьці шыў ахоўныя касцюмы і маскі для лекараў, хтосьці гатаваў ежу і адпраўляў у бальніцы, шмат хто данаціў у фонды дапамогі і, калі была магчымасць, сыходзіў на самаізаляцыю. У той перыяд валанцёрства дасягнула такіх маштабаў, што ўлады рабілі спробы забараніць медыкам прымаць дапамогу. Тады людзі ўпершыню адчулі сваю сілу і зразумелі, што могуць неяк уплываць на сітуацыю.
«Маральны пералом пачаўся вясной 2020 года, чаму? – таму што вясной 2020 быў COVID. Лукашэнка заняў пазіцыю, што COVIDа няма. І яго цытата, ён так і казаў: “Вы яго [COVID-19] бачыце? Не. Я яго таксама не бачу”. Людзей проста кінулі – рабіце што хочаце. У мяне проста ў сям’і шмат лекараў, я ведаю, як гэта адбывалася, як мы ўсёй сям’ёй шукалі ў Кітаі касцюмы для чалавека, які працуе ў чырвонай зоне, для таго, каб ён не заразіўся».
М3
Канец вясны 2020 г. быў цёплым, і з ім прыйшла першая, магчыма, падманлівая, але ўсё ж палёгка пасля напружаных першых месяцаў года. Здавалася, жыццё, хоць і марудна, але вяртаецца ў звыклае рэчышча – на тэрасах кавярняў бяспечней, чым у памяшканнях, а выбары скончацца ўжо звыклымі «больш за 80 % за Лукашэнку». Трое нашых суразмоўцаў кажуць пра тое, што да апошняга не верылі, што выбары 2020 года будуць выглядаць інакш, чым усе папярэднія. Астатнія 12 апытаных згаджаюцца з тым, што ўсё, што адбывалася, іх моцна ўразіла.
«Я не верыў у гэтыя выбары, думаў, што ўсё будзе як звычайна: сфальсіфікуюць, папратэстуюць некалькі тысячаў чалавек, пойдуць па дамах».
М15
Падзеі таго часу выглядалі вельмі кінематаграфічна. Грамадства спрабавала змагацца з сістэмай, знаходзячы ў ёй дзіркі. Людзі збіраліся ў чэргі для таго, каб паставіць подпісы за кандыдаты на ўдзел у выбарчай кампаніі, каб падаць скаргу на чарговае невыкананне законаў. Самых папулярных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты – Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага – арыштоўваюць, а Валерыю Цапкалу не рэгіструюць. Усё гэта выклікала абурэння людзей. Але надзея быццам бы вярнулася ў момант аб’яднання штабоў Цапкалы і Бабарыкі вакол зарэгістраванай кандыдаткі ў прэзідэнты – Святланы Ціханоўскай. Так пачынаецца адна з самых актыўных і эмацыйных перадвыбарчых гонак.
«Я памятаю гэтыя моманты, як пад праліўным дажджом людзі стаялі, аддавалі подпісы за Віктара Бабарыку. А потым яго затрымалі і мы выбудаваліся ўздоўж усяго праспекта. Праспект Незалежнасці стаіць, увесь праспект ад цэнтра – гэта людзі, з двух бакоў. У мяне быў сабака, я не мог з ім выйсці, мы сядалі ў машыну і ездзілі па коле. Там затор, усе сігналяць, і людзі стаяць. І ўсе рэальна верылі, што з масавасцю мы пакажам – за што, як мы хочам жыць далей. Бо асноўны лозунг 2020 года был “Уходи!” То бок людзі прынялі рашэнне і ўсімі магчымымі спосабамі яго дэкламавалі».
М3
Тры жанчыны – Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала і Святлана Ціханоўская – збіралі велізарныя мітынгі ў гарадах Беларусі, а людзі ўпершыню настолькі адкрыта падтрымлівалі апазіцыйнага палітыка. У гэты ж час Лукашэнка кідаўся сексісцкімі абразамі ў бок Ціханоўскай, якая набірала папулярнасць, і ўсё часцей ездзіў у межах перадвыбарчай агітацыі да ваенных і сілавікоў.
Людзі насілі белыя стужкі, якія сталі знакам падтрымкі Святланы Ціханоўскай, а незалежныя назіральнікі, якіх часта не дапускалі нават у двары выбарчых участкаў, маглі ўвесь дзень прастаяць каля плота з біноклем у спробе хоць неяк сачыць за ходам галасавання. У тыя дні ўсім вельмі хацелася верыць у тое, што перамога ўжо недзе зусім блізка, бо такую колькасць людзей проста немагчыма не заўважыць і не пачуць. Але ўжо на першыя акцыі пратэсту рэжым адказваў сілай, хаця здавалася, што гэта нікога не палохала.
Што стала паваротнай кропкай для ўдзелу ў пратэстах (калі ўдзельнічаў_ла). Як удзельнічаў_ла ў пратэстах (калі ўдзельнічаў_ла)?
Усе 15 інтэрв’юяваных кажуць пра «немагчымаць так жыць далей», жаданне аднавіць справядлівасць, законнасць, у іх расповедах праглядвае пачуццё салідарнасці з затрыманымі роднымі і сябрамі, незнаёмымі скалечанымі людзьмі. З 15 суразмоўцаў 8 прайшлі праз збіццё і катаванні. Практычна ўсе бачылі, як затрымліваюць і збіваюць іншых, адзін з суразмоўцаў характарызуе гэтае як «дадатковыя кропкі гневу». Двое кажуць, што паваротным пунктам ва ўсведамленні таго, што адбываецца, для іх сталі нават не выбары, а COVID-19 і паводзіны ўладаў у сувязі з ім.
Частка першая – 2020 г.
Вынікі адказаў на другое пытанне
Увечары 9 жніўня і ў наступныя тры дні ўзровень гвалту дасягнуў сваёй вяршыні. І гэты пункт на лінейцы часу мы бярэм за першую сур’ёзную траўматычную падзею. Пратэст быў мірным, але, нягледзячы на гэта, у гарадах Беларусі прымянялася празмерная сіла і спецсродкі. Людзей абстрэльвалі гумовымі кулямі і светлашумавымі гранатамі, моцна збівалі падчас затрымання.
«Я ўбачыў нейкі недабуд, пачаў залазіць туды. Я залез на першы паверх і пачуў крокі, і падумаў, што калі гэта нейкі амапавец, сілавік, гэтак далей, я проста яму ўрэжу і буду ўцякаць на максімум. А гэты выйшаў ахоўнік, сказаў, што хавайся на другім паверсе, там ужо сядзіць некалькі чалавек, я скажу амапаўцам, што вас тут няма. Мы сядзелі на другім паверсе, дакладней, мы ляжалі на падлозе. Я чуў, як падбеглі АМАПаўцы, спыталі, ці не прабягалі тут людзі. Ахоўнік сказаў, што не, я б нікога не пусціў, вы што, яны, напэўна, кудысьці далей пабеглі. Я ляжаў там да 6 раніцы, крыху паспаў. Я чуў, як білі людзей, чуў выбухі, выстралы, агулам мне было вельмі страшна».
М4
Аддзелы міліцыі, ізалятары ўтрымання правапарушальнікаў і турмы па ўсёй рэспубліцы ператварыліся ў машыны для катаванняў. Інтэрнет не працаваў, і навіны пра тое, што адбываецца, без VPN даведацца было немагчыма, як і даведацца штосьці пра чалавека, які доўга не выходзіць на сувязь.
Пасля акцыі «жанчын у белым» 12 жніўня градус гвалту пачаў спадаць, а ўжо 13 жніўня пачалі з’яўляцца першыя навіны ад тых, каго паспелі адпусціць, і першыя фотаздымкі з бальніц са збітымі і пакалечанымі людзьмі – і кожная новая прыводзіла ў жах.
13 жніўня 2020 года беларускія праваабарончыя арганізацыі звярнуліся да міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева з патрабаваннем спыніць катаванні, вызваліць затрыманых і правесці расследаванне выпадкаў прымянення гвалту да затрыманых. Крыху пазней быў зварот да спецдакладчыка ААН з заклікам умяшацца ў сітуацыю. Ужо тады праваабаронцы пачалі казаць пра тое, што адбылося, як пра злачынствы супраць чалавечнасці, то бок як пра вельмі цяжкае злачынства, якое дасягае міжнароднага ўзроўню.
Вікторыя Фёдарава, юрыстка-міжнародніца і заснавальніца Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, тлумачыць, што правы чалавека замацаваныя асноўнымі міжнароднымі дамовамі. У тым выпадку, калі парушэнні гэтых правоў становяцца масавымі, шырокамаштабнымі і сістэматычнымі, яны могуць дасягаць узроўню міжнародных злачынстваў. Што ж тычыцца беларускага кантэксту, то можна казаць пра злачынствы супраць чалавечнасці: шматлікія ахвяры, не завядзенне крымінальных справаў па фактах катаванняў, а ўсе падзеі адбываюцца з ведама і пры ўдзеле дзяржаўных структураў і ўхваляюцца на самым высокім узроўні, пра што сведчаць пэўныя каментары ў СМІ. Гэта ж тычыцца і пратэстаў – тут гаворка ідзе пра празмернае прымяненне сілы, што таксама з’яўляецца парушэннем. І гэта таксама падпадае пад злачынствы супраць чалавечнасці, а ў самых цяжкіх выпадках можа трактавацца як спроба забойства людзей. «На дадзеным этапе ў нас ёсць ужо высновы з даклада Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека пра тое, што тыя парушэнні, якія адбываюцца ў Беларусі з 2020 года, могуць дасягаць узроўню злачынства супраць чалавечнасці», – каментуе Вікторыя. Са жніўня 2020 года праваабаронцамі ПЦ «Вясна» і Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі сабрана каля 3 300 сведчанняў катаванняў і жорсткага абыходжання.
Нават тыя, хто меркаваў, што гэты пратэст, як і ўсе папярэднія, будзе прыгнечаны з дапамогай сілы, не былі гатовыя да такога ўзроўню гвалту і жорсткасці. У гэтыя ж дні стала вядома і пра першыя смерці на пратэстах — Аляксандр Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Аляксандр Віхор. Падзеі поствыбарчых дзён ставілі перад кожным чалавекам пытанне: «Ці атрымаецца, як і раней, не звяртаць увагу на тое, што адбываецца?»
«Я была з тых людзей, хто яшчэ ў жніўні [2020 года] сказаў, што стоп, увогуле можна забыцца пра выбары, увогуле няважна, колькі [Лукашэнка] набраў. Тое, што адбылося пасля – у любым выпадку, ён абавязаны здаць свае паўнамоцтвы і валіць здацца. І няважна ўжо, выбары не маюць значэння ніякага».
М1
У гэтым пункце 2020 года можна казаць аб пачатку сур’ёзнай траўматызацыі грамадства. На такія складаныя падзеі любы чалавек, ці ён удзельнік, пацярпелы, ці сведка, стане рэагаваць эмацыйна і зусім па-рознаму. І кожная з гэтых рэакцыяў – абсалютна нармальная. Як любяць казаць псіхолагі – гэта нармальная рэакцыя на ненармальную сітуацыю. Гісторыя чалавецтва поўная трагедый, войнаў і катастрофаў, таму псіхіка навучылася спраўляцца з падобнымі падзеямі.
На працягу першага месяца пасля траўматычных падзеяў чалавек можа пражываць розныя рэакцыі – плакаць, крычаць, трывожыцца, адчуваць страх, можа збіцца рэжым сну. Але ўсё гэта будзе заставацца ў межах нармальнай рэакцыі на ненармальную сітуацыю. Дзям’ян Папоў, псіхатэрапеўт, які праводзіў інтэрв’ю для гэтага праекта, тлумачыць, што ў самой траўме нічога дрэннага няма, яна нават можа стаць рэсурсам і пунктам росту. Пытанне толькі ў тым, ці зможа чалавек з ёй справіцца і пакінуць у мінулым.
Спрошчаную схему экалагічнага пераадолення траўмы можна апісаць наступным чынам: чалавеку трэба дазволіць сабе праяўляць усе рэакцыі, эмоцыі і пачуцці, што прыходзяць у гэты перыяд, якімі б балючымі яны ні былі, даць сабе час змірыцца з тым, што адбылося, і пакінуць гэтыя падзеі ў мінулым, прызнаючы наяўнасць гэтага нялёгкага вопыту і звязаных з ім стратаў у сваім жыцці. У гэты першы месяц у спробах асэнсаваць тое, што адбылося, чалавек можа задаваць сабе шмат пытанняў: «Як я магу жыць у настолькі небяспечным свеце?», «Як я магу жыць у свеце, у якім у нейкіх сітуацыях я не магу практычна нічога ці магу вельмі мала?» Адказ на іх, па сутнасці, толькі адзін – часам здараецца нешта мне непадкантрольнае, і нават калі гэта адбылося са мной, я з гэтым справіўся, пакінуў у мінулым і атрымаў вопыт, хаця і непажаданы, але які зрабіў мяне мацней.
Калі ж у чалавека не атрымліваецца пераадолець траўму, то далей яна можа пачаць уплываць на яго і ўсё яго жыццё. У тым ліку могуць развіцца хваравітыя станы, якія служаць індыкатарам нашага ўнутранага свету, каб паказаць, што чалавек не зусім справіўся з гэтай падзеяй і, хутчэй за ўсё, яму патрэбная дапамога. Адзін з самых частых разладаў пасля падобных падзеяў – посттраўматычны стрэсавы разлад (далей ПТСР). Яго сімптомамі могуць быць балючыя ўспаміны пра перажытае, флэшбэкі, парушэнні сну, адасобленасць ад іншых людзей, апатыя і пазбяганне ўсяго, што нагадвае пра траўматычную падзею. Згодна са статыстыкай, ПТСР развіваецца ў 7,3 % выпадкаў сярод людзей, якія сталі сведкамі гвалту, у 32 % выпадкаў – у пацярпелых ад жорсткага фізічнага гвалту і ў 49 % – у пацярпелых ад сексуалізаванага гвалту. Па словах Дзям’яна Папова, ПТСР развіваецца ў тых, хто доўгі час знаходзіцца ў сітуацыі бездапаможнасці – тады з большай верагоднасцю будуць наступствы.
У першыя поствыбарчыя дні Акрэсціна – адрас комплексу месцаў зняволення ў Мінску – стаў агульнай назвай для месцаў, дзе адбываўся непадкантрольны гвалт, які можа прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці. У Брэсце, Лідзе, Гомелі, Пінску, Салігорску і шматлікіх іншых гарадах Беларусі былі свае «Акрэсціна». Там людзей катавалі: збівалі, распраналі дагала, яны часта знаходзіліся знерухомленымі, у нязручных позах, іх трымалі ў перапоўненых душных камерах па некалькі сутак. Яны часта не разумелі таго, што адбываецца з імі: чаму яны былі затрыманыя і асабліва – чаму яны праходзяць праз усё гэта.
Акрамя фізічных пакутаў, катаванні вельмі складана вытрымаць псіхалагічна. Сам іх сэнс у тым, каб зламаць чалавека, яго волю, і прымусіць падпарадкоўвацца гвалтаўніку. У сам момант гвалту чалавек можа адчуваць абсалютна розныя пачуцці – страх, пакуту, шок, бездапаможнасць, віну, сорам.
«Узялі гранату, сфальсіфікавалі, скруцілі чаку, засунулі мне ў бялізну, рукі і ногі былі звязаныя, кінулі мяне і збеглі, робячы выгляд, што забіваюць. Я проста паляжаў секунд 30, выбуху не адбылося, думаю, ну, жывем далей».
М15
Пасля перанесенага гвалту аднаўленне можа праходзіць цяжка, але механізм застаецца тым жа – прыняць, пражыць і інтэграваць у сябе ўсё, што адбылося, пакінуўшы мінулае ў мінулым. Пражыць – значыць адчуць і дазволіць усім эмоцыям выйсці. «Немагчыма ацаліць тое, што не адчуваеш», – піша ў сваёй кнізе «Дар» Эдзіт Ева Эгер, псіхалагіня, якая перажыла Халакост. Але для пачатку трэба будзе прыняць, што, магчыма, адчуць гэта будзе вельмі складана, таму што тое, што адбылося, настолькі жахлівае, няўяўнае і вялізнае, што для гэтага няма словаў. Тыя, хто перажыў катаванні і жорсткае абыходжанне, могуць упадаць у залежнасці ад алкаголю, нікаціну і гэтак далей, але нават гэта ўваходзіць у межы нормы, паколькі часта дапамагае справіцца з болем.
Паводле словаў крызіснага псіхолага, з якім мы працавалі ў межах праекта, падчас аднаўлення важным і ацаляльным можа быць пошук у тым цяжкім моманце гневу ці нейкага іншага пачуцця, якое б паказвала на ўнутраны супраціў. «Гэта значыць, што чалавек адчувае нейкую сваю сілу. У тэрапіі з пацярпелымі ад гвалту, а катаванні – гэта найвышэйшая ступень гвалту, важна пастарацца знайсці штосьці, дзе яны хоць неяк супраціўляліся. Калі ўвогуле нідзе гэтага няма, то падыдзе нават калі знутры сябе яны неяк абзывалі гвалтаўніка – гэта таксама супраціў. Пазіцыя – таксама супраціў».
Катаванні цяжкія яшчэ і тым, што здольныя падарваць асновы даверу чалавека да іншых людзей. «Траўма, звязаная з гвалтам “чалавек-чалавек” перажываецца цяжэй, чым тэхнагенныя і прыродныя катастрофы. Таму што мы – сацыяльныя жывёлы, нам вельмі важна адчуваць сваю датычнасць да грамадства і тое, што мы можам давяраць людзям. А той, хто перажыў катаванні, на сабе адчуў жах таго, што адзін чалавек можа зрабіць з іншым. І, на жаль, не рэдкасць, калі ў тых, хто перажыў катаванні, распадаюцца сем’і, разрываюцца сувязі з блізкімі і сябрамі» – дадае крызісны псіхолаг.
«Я пасварыўся з многімі сваімі знаёмымі, якія былі за мірныя пратэсты, а пасля таго, што са мной было, я больш не бачыў сэнсу ў мірных пратэстах, і ў мяне было вялікае жаданне помсты і ўсё. За тое, што са мной зрабілі. Я проста не сышоўся ў інтарэсах у дадзеным выпадку са сваімі сябрамі, са сваімі знаёмымі».
М2
Аднаўленне пасля такіх цяжкіх падзеяў можа заняць шмат часу. Першы год можа быць толькі першай часткай пражывання, у якой чалавек можа праходзіць усе стадыі перажыванняў. Усё індывідуальна і залежыць ад мноства фактараў, такіх як: папярэдні жыццёвы вопыт, агульны фізічны і ментальны стан, сацыяльныя сувязі. Роля іншых людзей вельмі важная ў такія моманты, паколькі рызыка фармавання ПТСР значна ніжэй, калі чалавека слухаюць, чуюць і падтрымліваюць: у сям’і і коле сяброў, у працоўнай сферы, сярод людзей з такім жа, як у іх, вопытам, а таксама ў грамадстве агулам.
«Я зразумеў, што ўзровень жорсткасці і гвалту перавысіў усе магчымыя і немагчымыя межы, я зразумеў, што нешта трэба мяняць, і пасля гэтага я пайшоў на вялізны марш, 500-тысячны, 15 ці якога жніўня гэта было. Калі проста на Стэле была неверагодная колькасць людзей. І тады я зразумеў – вось гэтае пачуццё свабоды і пачуццё, калі табе не трэба баяцца, таму што ў горадзе ўвогуле не было сілавікоў. І мы ішлі вялізным натоўпам, са сцягамі, усё было здорава, людзі дзяліліся вадой, я схадзіў у краму, на ўсе грошы набыў марозіва, дзяліўся з людзьмі».
М4
Магчыма, менавіта таму вялізны марш 16 жніўня 2020 года быў такім важным для кожнага. Пацярпелыя ўбачылі, што ўвесь перажыты імі жах не быў прыняты грамадствам і што ўсе гэтыя дні іх шукалі, за іх змагаліся, што яны не вінаватыя ў тым, што адбылося, і нічым не заслужылі да сябе падобнага стаўлення, як бы іх ні спрабавалі пераканаць у адваротным. І асабліва важна было ўбачыць, зразумець і адчуць тую вялізную колькасць людзей у шматлікіх кутках Беларусі і асабліва ў Мінску. Людзі перасталі быць сам-насам са сваімі гневам і болем, і ўжо ад гэтага многім стала лягчэй.
Як жыў_ла паміж 2020 і 2022? Матыў удзелу ў пратэстах?
З 15 суразмоўцаў 9 пасля пратэстаў з’ехалі з краіны, 8 – адразу, 1 – праз невялікі час, не атрымаўшы падтрымку ў сваіх закліках да гвалтоўнага пратэсту і пад пагрозай арышту. 6 з іх з’ехалі ва Украіну. Многія знаходзіліся ў цяжкім эмацыйным стане, не знаходзілі падтрымку і сэнс жыцця. Двое распавядаюць пра тое, што рыхтаваліся да будучых гвалтоўных дзеянняў – партызанскіх і/ці пратэстных.
Частка першая – 2020 г.
Вынікі адказаў на трэцяе пытанне
Пачалося супрацьстаянне рэжыма і людзей, якія адмаўляліся мірыцца з тым, што адбылося: маршы пенсіянераў, людзей з інваліднасцю, студэнтаў, суботнія жаночыя, а таксама вялікія нядзельныя маршы, якія збіралі вялікую колькасць людзей. Яны былі адносна бяспечнымі, а сістэма здзекаў для адміністратыўных затрыманых яшчэ не была такой вывастранай, якой стала ўжо ў лістападзе 2020 года.
«І ўзгадваючы вось гэты год, я памятаю вось гэтыя рэчы ў маршы, калі ты ідзеш, там побач куча людзей была. Я такога не бачыў ніколі і, напэўна, убачу толькі, калі мы вернемся ў Беларусь, калі дай бог гэта будзе. І я памятаю, як да мяне часта людзі падыходзілі і распавядалі свае гісторыі. Казалі, мы кожную нядзелю збіраемся на марш – нам страшна было дзіка. Мне таксама было страшна дзіка. А пры гэтым мы баімся, што ніхто не выйдзе. Што мы прыйдзем, а нікога не будзе. І ўсё адно людзі ідуць. І людзі ішлі, ішлі, выходзілі супраць».
М3
У той перыяд таксама было шмат запамінальных момантаў: кіроўцы ў апошнюю секунду з’язджалі ад пагоні сілавікоў, Марыя Калеснікава парвала свой пашпарт – у той момант, калі яе сілай спрабавалі вывезці з Беларусі за мяжу, а людзі хавалі цалкам незнаёмых ім пратэстоўцаў у сябе ў кватэрах ад збіцця і затрыманняў.
«Мы хаваліся ў СТА пад машынай. Нас людзі схавалі ў яме, апусцілі машыну, каб не было бачна. Мы сядзелі ў гэтай яме, бачылі берцы амапаўцаў, якія ходзяць па гэтай СТА, але яны не паглядзелі ў яму. А потым мы выйшлі з дзяўчынай, якая там сядзела, яна таксама сказала, што ёй у мой раён прыблізна. Мы выйшлі з дзяўчынай, пачалі ісці, мяне павінны былі сябры забраць за два кварталы ад гэтага. І мы ўбачылі, як едзе бусік на нас, зразумелі, што нас, хутчэй за ўсё, будуць затрымліваць. І яна проста ўзяла мяне за каўнер курткі, прыцягнула да сябе і мы пачалі цалавацца. Гэта ўвогуле незнаёмая дзяўчына, я яе бачыў першы і апошні раз у жыцці. І бусік спачатку спыніўся побач, а потым паехаў далей. Я памятаю як у мяне проста выскоквала сэрца ад усяго – ад самой сітуацыі, ад таго, што, у прынцыпе, дзяўчына была прыгожая, ад таго, што я мог з’ехаць на суткі».
М4
Вялікія маршы былі сілай заглушаныя ў сярэдзіне лістапада 2020 года. З-за гвалту, які рос з боку сілавікоў, узровень фізічнай небяспекі для пратэстоўцаў набліжаўся да ўзроўню жнівеньскіх падзеяў. Апошні вялікі нядзельны марш 15 лістапада 2020 года быў прысвечаны памяці збітага пры затрыманні і загінулага ад атрыманых траўмаў Рамана Бандарэнкі. Гарадскія маршы перараслі ў раённыя, але хутка былі заглушаныя і яны. У 2021 годзе пратэстная актыўнасць канчаткова сышла з вуліцаў і стала амаль незаўважнай, а рэжым пачаў паслядоўна пазбаўляцца ад любых прыкметаў нелаяльнасці. Пад рэпрэсіі траплялі ўсе групы грамадства: ад праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў – да спартоўцаў, супрацоўнікаў IT-сферы, бізнесоўцаў, адвакатаў і лекараў.
Пакаранне атрымліваюць за любую, нават самую нязначную праяву нязгоды з афіцыйнай пазіцыяй рэжыму Лукашэнкі – каментары ў сацыяльных сетках, падпіскі на матэрыялы СМІ, якія ў Беларусі лічацца экстрэмісцкімі, ахвяраванні ў арганізацыі, якія дапамагаюць, любое колеравае спалучэнне ў адзенні ці інтэр’еры, якое нагадвае бела-чырвона-белы нацыянальны сцяг. Большасць крымінальных справаў звязаныя з пратэстнай дзейнасцю: фінансаванне, удзел у акцыях, распаўсюд пратэстнай інфармацыі, а таксама асобна можна выдзяліць абразы ці распаўсюд няпэўнай інфармацыі пра прапагандыўстаў, прадстаўнікоў рэжыму і асабіста Лукашэнку. Колькасць палітычных зняволеных расце з кожным днём і, па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», на канец ліпеня 2023 года іх лік дасягае 1483 чалавекі.
У гэтым часавым прамежку ўжо можна казаць пра комплексную траўму, калі за пэўны прамежак часу адбываецца шмат траўматычных падзеяў і няма ніякай магчымасці гэта спыніць. Пакутуюць як самі ўдзельнікі падзеяў, так і сведкі, няважна, ці бачаць яны тое, што адбываецца, асабіста, ці даведваюцца праз навінную стужку. Паводле словаў крызіснага псіхолага, які працаваў над гэтым праектам, у класічнай псіхатэрапіі не прынята працаваць з людзьмі, якія знаходзяцца ў небяспечнай сітуацыі, паколькі аднаўленне павінна пачынацца з пачуцця бяспекі. Але пакуль ва ўладзе знаходзіцца рэжым Лукашэнкі, многім беларусам і беларускам давядзецца спраўляцца з атрыманымі псіхалагічнымі траўмамі пры няспыннай плыні цяжкіх падзеяў і навінаў.
Затрыманыя на судах распавядалі пра ўжываныя да іх катаванні, часта збіццё нават бачнае, але ігнаруецца суддзямі і пракурорамі. З’яўляюцца сведчанні пра тое, што ў месцах пазбаўлення свабоды да палітычных зняволеных «асаблівае» стаўленне: да турэмнай формы прышываюць каляровыя біркі як распазнавальную прыкмету палітычнага зняволенага, ім дастаецца найгоршая праца і ўмовы, перыядычна адмаўляюць у медыцынскай дапамозе. Пад рознымі падставамі не даюць сустракацца з роднымі і адвакатамі, не перадаюць лісты і пасылкі, абмяжоўваюць грашовыя пераводы, перыядычна збіваюць, а таксама нашмат часцей, чым іншых зняволеных, змяшчаюць у штрафны ізалятар. У той жа час адміністратыўных затрыманых па палітычных матывах змяшчаюць у перапоўненыя камеры, у якіх няма спальных і гігіенічных рэчаў. Ім адмаўляюць у медыцынскай дапамозе, што часта прыводзіць да пагаршэння фізічнага і псіхалагічнага здароўя. Іх не выводзяць на шпацыры і не дазваляюць наведваць душ, а за найменшае непадпарадкаванне і спробу адстойвання сваіх правоў часта ідзе пакаранне і яшчэ большае пагаршэнне ўмоваў утрымання. Затрыманым могуць падоўжваць суткі па надуманых абвінавачваннях, і з-за гэтага ў падобных жахлівых умовах людзі знаходзяцца месяцамі.
Пратэсты ў Беларусі былі падкрэслена мірнымі. Нават нягледзячы на ўсю жорсткасць сілавікоў, адпор ім практычна не давалі. І з самага пачатку масавых пратэстаў 2020 года вяліся дыскусіі пра тое, ці варта працягваць так жа ці ўсё ж трэба аказваць супраціў. Сярод апытаных намі добраахвотнікаў толькі адзін чалавек з самага пачатку адкрыта заклікаў да больш актыўных дзеянняў.
«Я прынцыпова не хацеў з’язджаць з Беларусі, таму што мне здавалася, што з’язджаць – гэта параза, нічога не зробіш. Пры гэтым я выступаў, я так думаю і цяпер, і так думаў тады, – я разумею, што дыктатарскія рэжымы нельга скінуць без гвалту. Таму я сказаў усім пратэстоўцам: “Вы або бярыцеся за зброю і змагайцеся, або адразу здавайцеся, таму што так вы не пераможаце”. Я выступаў за гвалтоўны пратэст».
М15
Пра паступовы пераход падтрымкі мірнага пратэсту да ідэі больш актыўнага супраціву кажуць пяць чалавек. Двое з іх перажылі катаванні і жорсткае абыходжанне ў розны перыяд, пачынаючы са жніўня 2020 года, яшчэ адзін – зведаў цяжкі гвалт з боку беларускіх сілавікоў у першыя поствыбарчыя дні.
«Пасля эміграцыі дастаткова доўгі час не мог знайсці сабе месца, у прынцыпе, у мяне ніколі не было жадання нікуды з’язджаць. І ў пэўны момант да мяне прыйшло разуменне, што я б хацеў менавіта са зброяй у руках адстойваць сваю краіну».
М14
Хваля эміграцыі, якая пачалася яшчэ ў 2020 годзе, імкліва расце, паколькі людзі ўцякаюць ад рэпрэсій і крымінальнага пераследу. Арганізацыі грамадзянскай супольнасці, бізнес і СМІ вывозяць супрацоўнікаў, каб тыя маглі бяспечна працягваць выконваць сваю працу, таму што на тэрыторыі Беларусі рабіць гэта ўжо немагчыма. Наяўнасць хоць нейкай «пратэстнай» інфармацыі на кампутары, тэлефоне ці іншых электронных носьбітах, асабістых ці працоўных, можа паставіць пад пагрозу не толькі самога супрацоўніка, але і яго калег, і кліентаў.
З 15 апытаных намі добраахвотнікаў 10 распавядаюць пра тое, што з-за рэпрэсій і пагрозы арыштаў ім давялося з’ехаць з Беларусі: шасцёра з іх жылі ва Украіне, а чацвёра – у іншых краінах.
«З Беларусі я збегла, і там я была абсалютна бездапаможнай. У мяне было 2 варыянты: ці я сяду, ці я збягу. Неяк так сабе варыянт сесці. Пры ўмове, што гэта рэальна будзе бессэнсоўна. Калі ты мог сесці і рэальна гэта штосьці змяніла б, гэта так. А ты проста сядзеш».
М1
Некаторыя з добраахвотнікаў распавядаюць пра тое, што жыццё у эміграцыі ім давалася цяжка, двое кажуць пра тое, што ім было складана зразумець, як будаваць сваё жыццё далей. З падобнымі праблемамі сутыкаецца мноства беларусаў і беларусак. Многія мяняюць не адну краіну знаходжання, маюць складанасці ў легалізацыі і ўладкаванні на працу. Але чалавек, які сутыкнуўся з гэтымі праблемамі, часта не мае магчымасці на перапынак і паўнавартаснае аднаўленне. У яго проста не можа не атрымацца не вытрымаць усе гэтыя выпрабаванні, таму што вяртанне ў Беларусь можа каштаваць яму свабоды, пагражаць здароўю і нават жыццю. Эміграцыя – гэта заўжды цяжка, а вымушаная эміграцыя – тым больш. І падобны стрэс не можа не ўплываць на ментальнае здароўе чалавека.
«Калі я пераехаў ужо, мяне вельмі моцна накрыла трывога, і ў мяне былі праблемы ў каштоўнасным разуменні свайго жыцця, для чаго я жыву. Нейкія штукі ў выглядзе грошай і іншых рэчаў мяне не вельмі цікавяць. Я нармальна зарабляю, мне хапае на жыццё. Мяне цікавяць іншыя рэчы ў жыцці. Таму мне было вельмі дрэнна, я хадзіў да псіхолага».
М12
Гэты стан можа ўзмацніцца, калі накладваецца на не цалкам пражытыя папярэднія траўмы. Да таго ж, нягледзячы на ад’езд з краіны, многія працягваюць заставацца ў кантэксце беларускіх навінаў, якія, здаецца, толькі і кажуць пра новыя затрыманні, гвалт, сацыяльныя і эканамічныя праблемы. Хтосьці проста захрасае мінулым і цяперашнім, забыўшыся, што, нягледзячы на жах адбывалага, важна працягваць жыць.
І ў сярэдзіне 2021 года з зайздроснай перыядычнасцю адбываюцца падзеі, пра якія гаворыць увесь свет. Да прыкладу, пра прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Мінску, скандал з лёгкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай на летніх Алімпійскіх гульнях у Токіа, а таксама пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўрапейскага саюза не пачуць было немагчыма.
Як успрыняў_ла поўнамаштабнае ваеннае ўварванне Расіі ва Украіну 24.02.2022?
Трыма суразмоўцамі пачатак поўнамаштабнай вайны быў успрыняты як магчымасць справіцца з пачуццём бездапаможнасці і знайсці сэнс і дзеяздольнасць, чацвёра загадзя былі гатовыя ваяваць, чацвёра апытаных не хацелі страціць свой другі дом – Украіну. Адзін апытаны кажа, што бачыць у вайне шанец перамогі для Украіны і Беларусі. Яшчэ адзін кажа, што адчуў жах ад усяго, што адбываецца.
Частка другая – 2022 г.
Вынікі адказаў на чацвёртае пытанне
У самым пачатку 2022 года размовы пра магчымую вайну былі пастаяннымі. Планы будаваліся, але з агаворкай «калі толькі вайны не будзе». Напруга хоць і была моцнай, але ўсё ж многія адмахваліся нават ад самой думкі. Але раніца 24 лютага 2022 г. паказала, што злучнік «калі», які здаецца вар’яцкім, можа стацца рэальным.
«Я з 24 [24 лютага 2022 г.] практычна не працаваў. Увогуле не было цікавасці проста. Мяне і да 24, пасля 2020 года мала што цікавіла, акрамя таго, што можна зрабіць, каб працягнуць гэтыя працэсы, якія ідуць. І 24-га проста ўвогуле адрубіла ўсе астатнія інтарэсы да ўсяго свецкага. І я ўжо там, як і ўсе, скроліў тэлефоны, у галаве адна вайна. Потым сяк-так адпусціла. Пачаў дыхаць».
М9
Вялікім ударам для беларускага грамадства стала яшчэ і тое, што рэжым Лукашэнкі надаў расійскай арміі свае тэрыторыі для ажыццяўлення ўварвання ва Украіну. За імгненні быў знішчаны вобраз беларусаў і беларусак як людзей, якія не падтрымліваюць ніякія формы гвалту, і ўжо тым больш ваенныя дзеянні. Здавалася б, гэтым вобразам неканфліктнага, неагрэсіўнага і абсалютна міралюбівага грамадства ў Беларусі было прасякнута ўсё: ад афіцыйнага парадку дня да твораў мастацтва. І ён жа вельмі трапятліва падтрымліваўся з моманту пачатку пратэстаў у 2020 годзе.
«Я працую ў актывісцкай арганізацыі і калі ўжо было зразумела, што з тэрыторыі Беларусі наносяцца ўдары, што з тэрыторыі Беларусі ідуць войскі і гэтак далей, я зразумеў, што 1,5 ці колькі гады маёй працы [было] недастаткова для таго, каб гэта спыніць. І ўсе мае высілкі па ўмоўна мірным пратэсце прывялі да таго, што ў мяне не было сілаў перадухіліць гэта сваёй працай».
М4
На той момант Украіна была адной з галоўных краінаў, куды пераязджалі палітычныя эмігранты. Многім, хто пасля ад’езду з Беларусі застаўся жыць ва Украіне, давялося экстрана бегчы другі раз. Толькі небяспека для жыцця была ўжо ў шмат разоў вышэй. Але былі і тыя, хто прыняў рашэнне застацца.
Вясной 2022 года Міжнародны Камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі рабіў справаздачу пра рэакцыю беларускага грамадства на суўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны. Знутры Беларусі, нягледзячы на пагрозу арышту і катаванняў, 27 лютага 2023 года людзі выйшлі на першы масавы пратэст з лістапада 2020 года. Паралельна з гэтым людзі пачалі актыўна дасылаць інфармацыю пра любую актыўнасць расійскай арміі, якую толькі маглі заўважыць, напрыклад, у «Беларускі Гаюн». За перадачу інфармацыі незалежным СМІ і тэлеграм-каналам людзі атрымлівалі крымінальныя тэрміны. Пазней беларусы пачалі выводзіць з ладу чыгуначныя шляхі, каб ускладніць перасоўванне расійскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі краіны. Падчас аднаго з арыштаў «рэйкавых партызанаў», як іх пачалі называць СМІ, ім мэтанакіравана стралялі ў каленныя суставы, хаця яны не аказвалі ніякага супраціву. Пасля гэтага гучнага затрымання ў Беларусі было ўведзенае смяротнае пакаранне за «няскончанае злачынства – пакушэнне на здзяйсненне акта тэрарызму». Гэтым законам дзяржава дазволіла сабе караць людзей смерцю за дзеянні, якія толькі тэарэтычна маглі прывесці да трагічных наступстваў і смерці людзей, але на момант затрымання нічога падобнага не адбылося.
«Калі пачалася вайна, мяне праўда трыгернула. Трыгернула сітуацыя ў Беларусі, прам вельмі вялікія водгаласы былі, не будзем хаваць, што Расія магла ўмяшацца і ў Беларусь [падзем пасля выбараў 2020 г.], напэўна, ніхто нават спрачацца не будзе, што яна нават і ўмяшалася. І фраза, якую я сказаў: “Мы страцілі Беларусь, Украіну мы не можам страціць”».
М2
Тут пачынаецца другое сур’ёзнае разгалінаванне апошніх некалькіх гадоў. Толькі пытанне ўжо ставіцца інакш – «Які бок абраць?» У той час як папярэдняе ляжала хутчэй у плоскасці: «Што рабіць?» З першага ж дня пачатку поўнамаштабнага ўварвання многія беларусы, якія эмігравалі, уключыліся ў валанцёрскую дзейнасць па дапамозе Украіне, нават нягледзячы на перыядычны негатыў у іх бок.
Некаторыя абралі больш радыкальны шлях – пайсці ў добраахвотнікі. Хаця першыя навіны пра беларусаў, які ўступілі ва УСУ, у нейкай ступені былі чаканыя, але з часам іх колькасць імкліва расла. Уражвала тое, што гэта былі людзі без аніякага ваеннага досведу, якія ў Беларусі рознымі спосабамі, як маглі, пазбягалі абавязковай службы ў арміі. Сярод нашых суразмоўцаў толькі ў дваіх быў мінімальны досвед у гэтай сферы.
«І калі пачалася вайна, я разумеў, што гэта не тое, што мой лёс, але проста маё выхаванне, мае прынцыпы, мой выбар – ужо не бегчы другі раз, таму што Кіеў – гэта для мяне горад, як для многіх беларусаў, у якім упершыню адчуў свабоду. Для мяне было гэта ўнутраным такім, мяжой, калі ўжо… далей ужо няма куды. Таму я з задавальненнем і з радасцю, напэўна, гэта сустрэў, таму што я разумеў, што вось я цяпер буду рабіць прамое нейкае дзеянне для таго, каб ліквідаваць праблему».
М12
Якім быў матыў рашэння стаць добраахвотнікам?
Матыў стаць добраахвотнікамі ў пяцёх апытаных быў прадыктаваны атрыманнем дзеяздольнасці і жаданнем перастаць быць ахвярай, і яшчэ пяць кажуць пра магчымасць атрымаць баявы досвед. Адзін з нашых суразмоўцаў кажа пра тое, што яго рашэнне было прадыктаванае помстай.
Частка другая – 2022 г.
Вынікі адказаў на пятае пытанне
Адказы на пытанне пра матывацыю зусім не хочацца уплятаць у канву падзеяў. Цана такога рашэння для нашых суразмоўцаў і ўсіх беларускіх добраахвотнікаў вельмі высокая і можа каштаваць ім здароўя і жыцця. Да поўнага падзення рэжыму Лукашэнкі ім закрыты шлях дадому: згодна з артыкулам 361 часткай 3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, максімальная адказнасць за ўдзел ва ўзброеным канфлікце караецца пазбаўленнем свабоды да пяці гадоў са штрафам ці без, а вербаванне, падрыхтоўка, фінансаванне ці любое матэрыяльнае забеспячэнне падобнай дзейнасці – пазбаўленнем свабоды да дзесяці гадоў са штрафам ці без. Рэжым пераследуе сваякоў добраахвотнікаў: праводзяцца вобшукі, іх вылікаюць на допыты, на іх спрабуюць ціснуць і запалохваць усімі даступнымі сістэме спосабамі, арыштоўваюць.
Для рэжыму Лукашэнкі гэта самая непрыемная сітуацыя з усіх магчымых – людзі, якія атрымліваюць рэальны баявы досвед і ўмеюць дзейнічаць у рэжыме вайны, гатовыя, калі спатрэбіцца, змагацца з безыменнымі сілавікамі, што прывыклі разганяць бяззбройны натоўп грамадзянскіх, які з большага не дае адпору.
Магчыма, менавіта таму адказы нашых суразмоўцаў вельмі канкрэтныя і часта бескампрамісныя. У іх шмат пра Беларусь і пра тое вострае пачуццё бездапаможнасці, якое выклікае ўсё, што адбываецца ў краіне. Але ва Украіне ўсё інакш і можна даць адпор, таму што збягаць бессэнсоўна.
«Я памятаю гэтае адчуванне, калі ты гатовы выйсці на плошчу і спаліць сябе жыўцом. Толькі б ты штосьці зрабіла ўвогуле. Ты разумееш, ты не робіш гэтага, таму што будзе бессэнсоўна. Вось такое. Ты настолькі нічога там не можаш. А тут ты разумееш, што ты можаш на штосьці ўплываць. Прычым ты можаш выступіць супраць таго ж ворага, які быў у цябе там. Таму што было абсалютна відавочна, што рэжым Лукашэнкі ніколі б не выстаяў без дапамогі Пуціна. І, па сутнасці, наш вораг, які быў у нас дома, прыйшоў яшчэ і сюды. Ты з’язджаеш у іншую краіну, а ён прыпіраецца за табой. Ты такі, не, ну зараз я магу даць табе па яб**е, я пайшла. Прыблізна так. Там не магла – тут магу».
М1
«Даць адпор, таму што ўсё адно мы за праўду і ты разумеў, што тут правільны бок толькі адзін, і так, тым больш, што зараз ты, атрымліваецца, з’ехаў са сваёй краіны, і цябе тут даганяе зноў гэта ўсё. І што, увесь час бегаць кудысьці. Калі гэта не спыніць, яно пойдзе далей. Я не магу вярнуцца ў сваю краіну, і мне зараз [трэба] адсюль з’язджаць і так увесь час бегаць. Трэба з гэтым штосьці рабіць».
М5
Частка нашых суразмоўцаў кажа пра тое, што гэтае рашэнне бачыцца ім правільным і часта – адзіным правільным. Гэтае рашэнне – адзіны і самы хуткі шлях дадому.
«Для мяне пытанне не стаяла абсалютна, усё было зразумела, тым больш, што на момант пачатку сакавіка здавалася, што гэта самы хуткі шлях дадому, скажам так».
М6
«Калі з’явілася магчымасць, проста ведаеце, у першыя тыдні, як і ўсе, думаеш, блін, трэба ехаць ваяваць, трэба штосьці рабіць, трэба змагацца, гэта ўвогуле жах нейкі. Ну і паціхеньку сябе адгаворваеш, што ты там рабіць будзеш, нічога не ўмееш. Я-та не служыў увогуле, адкасіў. А потым полк з’явіўся. І я не мог не скарыстацца выпадкам. Сабраў заплечнік і пайшоў».
М9
Падчас інтэрв’ю ў суразмоўцаў эмоцый амаль не было. Дзям’ян Папоў не адзначыў праблемаў з усталяваннем кантакту: «Таму што я разумею, як гэта: не адчуваю жаху, я не адчуваю празмерных эмоцый. Таму многія з іх гаварылі роўна. Тым больш большасць з іх распавядаюць пра гэта не першы раз. «Гэта частка жыцця, я праз гэта прайшоў», – кожны з іх [добраахвотнікаў] кажа пра гэта як пра частку гісторыі». Па словах Дзям’яна, быў толькі адзін суразмоўца, у якога падчас гутаркі ўздымаліся цяжкія эмоцыі і хваляванні. У перыяд падзеяў 9–12 жніўня 2020 г. ён трапіў пад вельмі цяжкія катаванні з боку беларускіх сілавікоў. «Калі казаць канкрэтна пра яго, то ўсім, што адбылося ў Беларусі, яго прама вышыбла, вельмі жорстка, з адной рэальнасці ў іншую». Гэты суразмоўца назваў сваім матывам стаць добраахвотнікам помсту.
«На першае месца я, напэўна, пастаўлю помсту ўсё-ткі, таму што гнеў зноў жа ў лютым, калі ты бачыш, што адбываецца. Ты пачынаеш злавацца, цябе злуе. Я не кантраляваў эмоцыі, якія ў мяне былі».
М2
Дзям’ян Папоў дадае, што некаторае прытупленне адчуванняў на вайне – гэта неабходны элемент, таму што інакш можна не справіцца з хваляваннямі: «Гэта не пра разлютаванасць і не пра знікненне адчуванняў. Хваляванні проста становяцца новым досведам – «я ведаю, як гэта, так, я гэта адчуваю, але адчуваю па-іншаму». Чалавек бярэ гэты досвед і становіцца мацнейшым. Гэта пра адчуванне знутры, што цябе ўжо мала чым можна будзе напалохаць. І ў большасці людзей, з якімі я размаўляў для інтэрв’ю, матывацыя гэта – мы зараз атрымаем баявы досвед і пойдзем далей. Зноў жа, поўная разлютаванасць, цынізм і жорсткасць, калі ў чалавека застаюцца ўжо пасля ўсіх падзеяў, то гэта можна разглядаць як ПТСР. Калі чалавек з гэтым не справіўся, то далей пачынаецца дэградацыя і разбурэнне асобы».
Уяўленні пра будучыню
Большасць адказаў дабраахвотнікаў адпавядаюць сітуацыі: ім складана будаваць планы. Таму яны распавядалі пра абстрактныя рэчы: выказвалі меркаванні аб працягласці вайны, казалі пра вызваленне Украіны і потым Беларусі, але ж не казалі асабіста пра сябе. Толькі трое прызналіся ў тым, што пасля заканчэння вайны жадаюць «жыць сваім жыццём».
Частка другая – 2022 г.
Вынікі адказаў на шостае пытанне
«Гэта кажа толькі пра тое, што ступень нявызначанасці – вялізная. Яна настолькі вялікая, што будаваць нейкую карцінку будучыні, знаходзячыся ў такіх умовах, выглядае зусім нерэалістычным. Але гэта абсалютна нармальна», – тлумачыць псіхатэрапеўт Дзям’ян Папоў.
«У мяне цяпер такое ўстойлівае адчуванне, што будаваць планы абсалютна немагчыма. Таму што пасля гэтай вайны свет не будзе такім, якім ён быў раней. Думаць, дзе ты будзеш у свеце, якога яшчэ няма, вельмі складана».
М1
«Я магу сказаць, што на самой справе так далёка не загадваю пакуль што, таму што вайна. Калі б да вайны спыталі, я б дакладна адказаў. А з пачаткам вайны варыятыўнасць настолькі ўзрасла, што і варыянтаў будучыні такая колькасць, што мне вельмі складана сказаць, я не ведаю. Не бачу ўвогуле ніякай карцінкі».
М6
Крызісны псіхолаг заўважае, што гэта можа сведчыць пра больш сур’ёзныя праблемы: «Чалавек можа знаходзіцца ў працягнутым траўматычным хваляванні. Траўматычнае хваляванне закрывае будучыню, таму што траўма – яна быццам вечнае «тут і цяпер» – яна пастаянна працягваецца. Верагодна, ім было важна распавесці пра свой досвед 2020 года і наступных падзеяў. Часам мне здавалася, быццам яны ў гэтым досведзе працягваюць знаходзіцца дагэтуль».
«Я – закладнік абставінаў. Калі будзе працягвацца вайна, а, па маім меркаванні, яна будзе працягвацца, і не 2 гады, то я буду змагацца да апошняга».
М9
«Ідэальнай будучыняй магла б для мяне быць – поўная ваенная перамога над расійскай арміяй і тэрытарыяльная цэласць як Украіны, так і палітычная незалежнасць Беларусі ад Расіі, ад расійскай дзяржавы. У маёй ідэальнай будучыні праз 2 гады гэта такая будучыня, дзе я змагу знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і дзе будзе нацыянальна-дэмакратычная ўлада, якая не будзе прыгнятаць тую ці іншую палітычную ці моўную групу людзей».
М7
Апошняе пытанне задумвалася адначасова як дыягнастычнае і тэрапеўтычнае. У першым выпадку яно дазваляе ўбачыць, наколькі чалавек можа глядзець у будучыню. А яго тэрапеўтычная функцыя заключаецца ў тым, што нават калі чалавек не можа знайсці адказу, то нагадаць яму, што гэта магчыма і будучыня ёсць, нягледзячы на ўвесь жах таго, што адбываецца.
«Я збіраюся далей займацца тым, у чым я лепш за ўсё [разбіраюся] – гэта творчая прафесія. У мяне дастаткова шмат усялякіх навыкаў, таму я думаю, што я сябе знайду ў гэтым жыцці. Я ўпэўнены ў гэтым. Дзеля гэтага мы і ваюем, каб вярнуцца ў нармальнае рэчышча, каб людзі маглі займацца сваімі нармальнымі справамі».
М5
«Я думаю, што хацеў бы вярнуцца да свайго нармальнага жыцця, якое было ў мяне да вайны. Я хацеў бы жыць у кватэры, каб мець магчымасць чытаць кнігу, глядзець фільм, гуляць на вуліцы. Я, вядома, разумею сваю актывісцкую існасць, і мне трэба будзе рабіць штосьці дадаткова для нейкай сацыяльнай самарэалізацыі, але, хутчэй за ўсё, гэта будуць іншыя, больш мірныя формы, чым удзел у вайне».
М15
Вялікая верагоднасць, што частка нашых суразмоўцаў вырашыла не дзяліцца асабістымі планамі і ўяўленнямі пра будучыню. Але ў размове з пацярпелымі ад катаванняў і рэпрэсій мы часта сутыкаемся з тым, наколькі цяжкім бывае гэтае пытанне. Людзі могуць надоўга захраснуць у мінулым і пачаць выбудоўваць сваё жыццё вакол важнай, але ўсё ж траўматычнай для іх падзеі. З аднаго боку, гэта можа даць штуршок да развіцця, але з іншага – здольна зацыкліць на адной падзеі і прывесці да далейшага пагаршэння стану. Каб гэтага не адбылося, клінічны псіхолаг раіць знайсці кропкі бяспекі, радасці і асэнсаванасці прама цяпер. Неабходна ствараць вакол сябе прастору, якая была б пра жыццё, радасць, і якая не закранутая ўсімі гэтымі падзеямі. «Важна, каб было штосьці сваё, што можна не аддаваць гэтаму звар’яцеламу дому», – кажа крызісны псіхолаг.
Пяць добраахвотнікаў на пытанне пра іх матывацыю казалі пра атрыманне дзеяздольнасці. А многія катаванні жніўня 2020 года, ды і далейшыя падзеі, былі пра яе страту. У першыя поствыбарчыя дні многія пацярпелыя распавядалі пра тое, што адным з самых цяжкіх выпрабаванняў было па некалькі гадзінаў стаяць ці ляжаць у нязручных позах, а любая спроба паварушыцца магла карацца ўдарамі. Ужо амаль тры гады рэжым спрабуе пасадзіць за краты ўсіх і за ўсё, у надзее, што гэта дапаможа яму застацца пры ўладзе. У беларусаў і беларусак у прамым і пераносным сэнсе звязаныя рукі, таму што ні адзін з негвалтоўных рычагоў ціску не працуе ці працуе не так эфектыўна, як нам бы хацелася. Хутчэй за ўсё, таму большая частка нашых суразмоўцаў кажа пра ўступ у шэраг добраахвотнікаў як пра магчымасць прамога супрацьстаяння абсалютнаму злу. І гэта, зыходзячы з адказаў, вяртанне той самай дзеяздольнасці. Хочацца верыць у тое, што кожны з нашых суразмоўцаў, дзякуючы гэтаму, верне сабе сябе, не страціўшы пры гэтым сваю чалавечнасць.
Меркаванне крызіснага псіхолага
Хтосьці з іх пайшоў бы, хтосьці не – адказы ў людзей былі розныя. Для кагосьці, гледзячы па інтэрв’ю, усё пачалося яшчэ да выбараў: актывісты – яны пайшлі б у любым выпадку. А кагосьці ўсё перажытае кардынальна змяніла, і можна казаць пра тое, што падзеі, якія бяруць пачатак у 2020 годзе, падштурхнулі іх да рашэння пайсці ў добраахвотнікі. Але адзінае, што можна сказаць дакладна – гэтыя падзеі дакладна кінулі камень на шалі «ісці на вайну». Бо што можа прымусіць звычайнага чалавека ўзяць у рукі зброю? Гранічны гвалт, не чуванне яго голасу, пазбаўленне суб’ектнасці – гэта той самы механізм, які прымяняецца беларускім рэжымам.
Я баюся, мы зараз не зможам адказаць на пытанне, наколькі рашэнне нашых суразмоўцаў пайсці на вайну – гэта той самы дрэнны сцэнар развіцця псіхалагічнай траўмы. Падзеі яшчэ не скончыліся – мы не бачым увесь шлях цалкам. І трэба будзе дачакацца пункта бяспекі, даць ім час пражыць гэтыя падзеі, назіраючы, наколькі экалагічна яны спраўляюцца з усім, што адбылося, – беларускай траўмай, і ваеннай. І паколькі яна працягнутая і аднатыпная – траўма гвалту – тут ужо вялікая рызыка ПТСР. Таму ў будучыні патрэбныя праграмы дапамогі, рэабілітацыя, тэрапія і пошук сфераў, праз якія добраахвотнікі змаглі б сябе рэалізаваць, убачыць, што яны запатрабаваныя, што яны важныя і паспяховыя. І вельмі важна, калі чалавек перажывае любую траўму, пакінуць яе ў мінулым. Зразумела, што яе ўжо ніколі не забудзешся, але важна асэнсаваць і адчуць, што ты жывеш далей і пачаць будаваць нейкія планы на будучыню.
Меркаванне псіхатэрапеўта Дзям’яна Папова
Тут было пацвярджэнне таму, што я ведаў і разумеў раней, вельмі дакладнае і зразумелае. Праз гэты праект пацвердзіліся мае адчуванні таго, што трэба зрабіць для таго, каб са звычайнага чалавека з’явіўся чалавек, здольны страляць і забіваць – вайсковец. І тут якраз ёсць гэтая гісторыя пра «дзеяздольнасць» і «не быць ахвярай». […] На прыкладзе гэтых людзей вельмі дакладна бачна, што адно з асноўных адчуванняў пасля выбараў 2020 г. – гэта адчуванне бездапаможнасці, «я нічога не магу зрабіць». І таму вайна ім здаецца выхадам – гэта пра атрыманне дзеяздольнасці. «Ва Украіне ваяваць», «даць па мордзе ворагу» – гэта тое, пра што яны казалі падчас інтэрв’ю. Мы ж разумеем, што тут [Расія] – проста другая галава цмока – таталітарызм, дыктатура, гвалт – якая нягвалт не разумее. Вось чалавек, адзін з нашых суразмоўцаў, які вельмі падтрымліваў мірны пратэст, удзельнічаў у ім, а потым з-за гэтага з ім адбыліся жахлівыя рэчы. І зараз у інтэрв’ю сваім асноўным матывам уступу ў шэрагі добраахвотнікаў ён называе помсту. Для мяне ён – пацвярджэнне гэтай сувязі. І гэта, напэўна, было самым цікавым для мяне. Гвалт спараджае гвалт, так, таму што з гвалтам можна справіцца, як правіла, толькі гвалтам. Але, паўтаруся, траўма можа быць і пунктам росту, і гэта працуе як для аднаго чалавека, так і для грамадства агулам. […] Але калі гэта перажыць, здолеўшы захаваць сваю ідэнтычнасць, тады ў грамадства ёсць шанец перайсці на новую ступень развіцця. Калі перажыць не атрымаецца, то гэта можа прывесці да разбурэння, дэградацыі, знішчэння, смерці – у сацыяльным ці агульным сэнсе.
_______________
Беларускі валанцёрскі рух ніколі не быў такім масавым, як цяпер. Толькі ў самой Беларусі цяпер гэта робіцца вельмі ціха і незаўважна. Улады ўбачылі сваю памылку ў тым, што недаацанілі здольнасць людзей самаарганізоўвацца, і больш яе паўтараць не маюць намер. Вопыт 2020 года паказаў, наколькі моцныя людзі, аб’яднаныя адной ідэяй. Ёсць верагоднасць, што ў часткі беларускіх валанцёраў і добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, могуць быць карані адной і той жа траўмы – падзеі пасля жніўня 2020 года. Але дзеянні, якія прадпрымаюцца, усё ж розныя. Людзям з сістэмы Лукашэнкі наўрад ці хочацца на сабе адчуць пераход той мяжы, калі за адсутнасцю альтэрнатываў сённяшнія валанцёры, людзі, якія займаюцца выключна дапамогай і падтрымліваюць выключна мірныя формы пратэсту, пяройдуць мяжу і возьмуцца за зброю. Тым больш, падобны прэцэдэнт ужо быў.
P.S.: Нашая агульная будучыня
Пакуль мы працавалі над гэтым матэрыялам, здавалася, што гэта частка вялікага праекта, які на дадзены момант не мае нейкага лагічнага завяршэння, і што пісаць пра псіхалагічную траўму апошніх гадоў, аналізаваць яе – трэба не зараз, а потым, у неадчувальнай будучыні. Таму што вывучаць яе і пачынаць ацаленне лепей з пункту спакою і бяспекі, то бок калі падзеі, якія траўмуюць, скончацца. Але пакуль гэта не так, нас чакае яшчэ шмат працы, асабліва па частцы правядзення судоў над вінаватымі ў прапагандзе, рэпрэсіях, катаваннях, забойствах, адказнымі за жорсткія заглушэнні пратэстаў. І для таго, каб прайсці ўвесь гэты шлях, важна здолець захаваць сябе, сваё фізічнае і ментальнае здароўе.
17 сакавіка 2023 г. Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна і Марыі Львовай-Беловай. З-за гэтага ў беларускім медыяполі ўзнавіліся размовы пра магчымыя суды над прадстаўнікамі рэжыму Беларусі. Зварот у МКС для Беларусі недаступны, паколькі яна не падпісала Рымскі статут, але ёсць суды па ўніверсальнай юрысдыкцыі. Вікторыя Фёдарава, юрыстка-міжнародніца і заснавальніца Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, тлумачыць, што сутнасць любога суда – правасуддзе, доказ і ўсталяванне праўды: «Няма такога, што ён заўсёды будзе на баку пацярпелага: два бакі заўжды роўныя ў працэсе, і чалавек, якога абвінавачваюць, таксама мае права на сваю абарону. Таму, калі будуць такія суды, безумоўна, нам вельмі моцна загадзя трэба рыхтавацца з пункту гледжання псіхалагічнай падтрымкі пацярпелых».
На розных этапах да суда і падчас яго пацярпелыя і сведкі павінны будуць распавесці пра тое, што адбылося з імі, зноў і зноў, што ў шмат разоў павялічвае рызыку паўторнай траўмы. «І тут паўстане пытанне: што важней нават для гэтага чалавека асабіста – яго псіхалагічны стан ці правасуддзе. І часта якраз, калі чалавек бачыць правасуддзе, гэта можа яму дапамагчы перажыць сваю траўму, – кажа Вікторыя Фёдарава. – Таму адзінае, што можна рэкамендаваць зараз, гэта пастаянная ці перыядычная тэрапія для адсочвання псіхалагічнага стану. Ну і дакументаванне выпадкаў катаванняў, жорсткага абыходжання і рэпрэсій. Гэта таксама часта дае палёгку».