Гэты даклад прысвечаны экалагічным умовам утрымання палітычных зняволеных у Беларусі і таму, як гэтыя ўмовы могуць станавіцца часткай жорсткага абыходжання і ціску. Пад «экалагічнымі катаваннямі» ў гэтым кантэксце мы разумеем сітуацыі, калі спёка або холад, дрэнная вентыляцыя, адсутнасць доступу да чыстай вады і гігіены, антысанітарыя ці іншыя небяспечныя ўмовы не проста ўзнікаюць праз дрэнную інфраструктуру, але выкарыстоўваюцца або свядома не ліквідуюцца і ў выніку прычыняюць чалавеку пакуты. Мы звяртаемся да гэтай тэмы таму, што экалагічныя ўмовы ў месцах пазбаўлення волі рэдка разглядаюцца як асобная праваабарончая праблема, хоць чалавек у зняволенні практычна не можа самастойна абараніць сябе ад такіх рызык.
У цэнтры даследавання знаходзяцца дзве папраўчыя калоніі: жаночая ПК-4 у Гомелі і мужчынская ПК-1 у Наваполацку. У дакладзе разглядаюцца якасць паветра і вады, санітарныя ўмовы і доступ да гігіены, спёка і холад, стан будынкаў і вентыляцыі, уплыў гэтых фактараў на здароўе, а таксама гатоўнасць устаноў да экстрэмальных з’яў надвор’я.
Даследаванне грунтуецца на інтэрв’ю з былымі палітычнымі зняволенымі і дапоўнена матэрыяламі праваабарончых арганізацый, міжнародных механізмаў, данымі дзяржаўнай статыстыкі і іншымі адкрытымі крыніцамі. Апісаныя ўмовы супастаўляюцца з беларускім заканадаўствам і міжнароднымі стандартамі, у тым ліку Правіламі Нэльсана Мандэлы і рэкамендацыямі Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.
Даследаванне паказвае, што частка праблем звязаная з агульным станам пенітэнцыярнай сістэмы і зношанай інфраструктурай. Аднак асобныя сведчанні паказваюць і на іншую тэндэнцыю: неспрыяльныя ўмовы могуць выкарыстоўвацца выбарачна менавіта ў дачыненні да палітычных зняволеных. Гаворка ідзе, напрыклад, пра ўздзеянне экстрэмальных тэмператур, абмежаванне доступу да вентыляцыі, вады, сродкаў гігіены і медыцынскай дапамогі. У такіх выпадках экалагічныя ўмовы становяцца дадатковым інструментам ціску.
Даклад таксама паказвае сістэмныя праблемы: частка тэхнічных нарматываў недаступная для незалежнай праверкі, некаторыя важныя стандарты ўвогуле не ўстаноўленыя, а існуючыя правілы не заўсёды выконваюцца на практыцы. У заключэнні прыводзіцца юрыдычная ацэнка выяўленых парушэнняў, рэкамендацыі дзяржаўным органам Беларусі і міжнародным механізмам, а таксама прапануюцца напрамкі для далейшага вывучэння экалагічных умоў у месцах пазбаўлення волі.

Поўную версію можна спампаваць ТУТ

