Грамадскае расследаванне: катаванні затрыманых у жніўні 2020-га ў Фрунзэнскім РУУС г.Мінска
Фальсіфікацыя выбараў у 2020-м годзе прывяла да масавых мірных пратэстаў, якія былі жорстка прыгнечаны.
Адметнай жорсткасцю адрозніліся супрацоўнікі Фрунзэнскага РУУС.
Людзей збівалі і абражалі. Некаторых пазначалі фарбай – гэта значыла, што збіваць і абражаць трэба асабліва жорстка. Вось як апісваюць падзеі пацярпелыя:
- на падлозе, сценах, былі сляды крыві і мачы. Скрываўленыя людзі са звязанымі за спіной рукамі ляжалі на падлозе і стаялі на каленях.
- паміж шэрагаў хадзілі супрацоўнікі і білі ляжачых з нагоды і без. Білі дубінкамі, нагамі, рукамі, ужывалі электрашокер.
- на ўваходзе і выйсці з РУУС затрыманых праганялі праз «калідор» з міліцыі і АМАПа, якія збівалі дубінкамі і нагамі.
Затрыманых паддавалі фізічным катаванням:
- Не давалі піць, не дазвалялі схадзіць у туалет. Калі хтосьці пытаў аб гэтым, яго білі. Здзекліва смеючыся, казалі: «Давайце пад сябе. Цяпер мы вас будзем біць, а калі будзеце нам тут пэцкаць, мы вас зусім заб’ём».
- Каб упарадкаваць прастору, людзей перацягвалі па падлозе за кайданкі. Кайданкі ўпіваліся ў рукі, і гэта прычыняла страшны боль.
- У шмат якіх затрыманых былі пашкоджаны звязкі і косткі, але медычная дапамога ў РУУС не аказвалася. Сярод затрыманых быў малады чалавек, які паўтараў, што яму нядаўна зрабілі аперацыю па выдаленні ныркі і яму нельга знаходзіцца ў такім стане. Ён прасіў выклікаць хуткую дапамогу, але ў адказ яго збівалі ўсё больш і больш.
Людзей паддавалі маральным здзекванням:
- Падлетка, які ляжаў на падлозе, перад тым як адпусціць дахаты, прымусілі цалаваць чаравікі міліцыянту.
- Да дзяўчын чапляліся супрацоўнікі міліцыі: «Ён мяне спачатку прыабняў, потым груба пакратаў за шыю». «Ён пачаў мяне гладзіць па вуснах, твары, валасах і прыціскаць да сябе».
- У дачыненні мужчынаў таксама неаднойчы практыкаваліся пагрозы сэксуальным гвалтам. Казалі: «Мы будзем цябе трахаць дубінкамі», — пасля гэтага звычайна ішла чарада збіццёў.
- Затрыманых прымушалі крычаць: «Мы любім Беларусь», «Мы любім нашага прэзідэнта Лукашэнку», «Мы не будзем больш граміць горад». Тых, якія замарудзіліся ці маўчалі, люта білі.
Адметную жорсткасць выяўляла супрацоўніца Карына. Яна хадзіла сярод затрыманых і паўтарала: «Вы – пачвары, я з-за вас, сукі, тры ночы запар не сплю». Яна загадала мужчынам прысядаць. Людзі з адбітымі дручкамі сінімі нагамі не маглі гэта рабіць і падалі. Паваленых яна штурхала ў твар прымушала ўставаць і кідала ў іх курыныя яйкі.
Каб дамагчыся справядлівасці ў будучыні, мы задакументавалі гісторыі пацярпелых і правялі ўласнае расследаванне. На падставе інтэрв’ю мы сабралі храналогію падзей, склалі спіс злачынцаў і далі юрыдычную ацэнку іх дзеянням.