Катаванні ва Фрунзенскім РУУС

Грамадскае расследаванне: катаванні затрыманых у жніўні 2020-га ў Фрунзэнскім РУУС г.Мінска

Фальсіфікацыя выбараў у 2020-м годзе прывяла да масавых мірных пратэстаў, якія былі жорстка прыгнечаны.

Адметнай жорсткасцю адрозніліся супрацоўнікі Фрунзэнскага РУУС.

каля 600 чалавек былі дастаўлены сюды ўсяго за 4 дні (з 9-га па 13-е жніўня)

Людзей збівалі і абражалі. Некаторых пазначалі фарбай – гэта значыла, што збіваць і абражаць трэба асабліва жорстка. Вось як апісваюць падзеі пацярпелыя:

  • на падлозе, сценах, былі сляды крыві і мачы. Скрываўленыя людзі са звязанымі за спіной рукамі ляжалі на падлозе і стаялі на каленях.
  • паміж шэрагаў хадзілі супрацоўнікі і білі ляжачых з нагоды і без. Білі дубінкамі, нагамі, рукамі, ужывалі электрашокер.
  • на ўваходзе і выйсці з РУУС затрыманых праганялі праз «калідор» з міліцыі і АМАПа, якія збівалі дубінкамі і нагамі.

Затрыманых паддавалі фізічным катаванням:

  • Не давалі піць, не дазвалялі схадзіць у туалет. Калі хтосьці пытаў аб гэтым, яго білі. Здзекліва смеючыся, казалі: «Давайце пад сябе. Цяпер мы вас будзем біць, а калі будзеце нам тут пэцкаць, мы вас зусім заб’ём».
  • Каб упарадкаваць прастору, людзей перацягвалі па падлозе за кайданкі. Кайданкі ўпіваліся ў рукі, і гэта прычыняла страшны боль.
  • У шмат якіх затрыманых былі пашкоджаны звязкі і косткі, але медычная дапамога ў РУУС не аказвалася. Сярод затрыманых быў малады чалавек, які паўтараў, што яму нядаўна зрабілі аперацыю па выдаленні ныркі і яму нельга знаходзіцца ў такім стане. Ён прасіў выклікаць хуткую дапамогу, але ў адказ яго збівалі ўсё больш і больш.

Людзей паддавалі маральным здзекванням:

  • Падлетка, які ляжаў на падлозе, перад тым як адпусціць дахаты, прымусілі цалаваць чаравікі міліцыянту.
  • Да дзяўчын чапляліся супрацоўнікі міліцыі: «Ён мяне спачатку прыабняў, потым груба пакратаў за шыю». «Ён пачаў мяне гладзіць па вуснах, твары, валасах і прыціскаць да сябе».
  • У дачыненні мужчынаў таксама неаднойчы практыкаваліся пагрозы сэксуальным гвалтам. Казалі: «Мы будзем цябе трахаць дубінкамі», — пасля гэтага звычайна ішла чарада збіццёў.
  • Затрыманых прымушалі крычаць: «Мы любім Беларусь», «Мы любім нашага прэзідэнта Лукашэнку», «Мы не будзем больш граміць горад». Тых, якія замарудзіліся ці маўчалі, люта білі.

Адметную жорсткасць выяўляла супрацоўніца Карына. Яна хадзіла сярод затрыманых і паўтарала: «Вы – пачвары, я з-за вас, сукі, тры ночы запар не сплю». Яна загадала мужчынам прысядаць. Людзі з адбітымі дручкамі сінімі нагамі не маглі гэта рабіць і падалі. Паваленых яна штурхала ў твар прымушала ўставаць і кідала ў іх курыныя яйкі.

Ніхто з пацярпелых не дамогся сумленнага суда. Людзей прымушалі падпісваць фэйкавыя пратаколы і пустыя лісты паперы. Тых, хто адмаўляўся, збівалі.

Каб дамагчыся справядлівасці ў будучыні, мы задакументавалі гісторыі пацярпелых і правялі ўласнае расследаванне. На падставе інтэрв’ю мы сабралі храналогію падзей, склалі спіс злачынцаў і далі юрыдычную ацэнку іх дзеянням.