Падтрымка пацярпелых ад катаванняў

Мы аказваем падтрымку людзям, якія перажылі катаванні і жорсткае абыходжанне, спалучаючы псіхалагічную дапамогу, рэкрэацыйныя фарматы аднаўлення і юрыдычнае суправаджэнне, уключаючы пытанні міграцыі і легалізацыі.

Калі вам неабходна падтрымка, вы можаце напісаць нам на электронную пошту contact@torturesbelarus2020.org або ў Telegram-акаўнт @ICITB2020_contact.

Псіхалагічная падтрымка пацярпелых

Мы арганізуем групы псіхалагічнай падтрымкі ў Вільнюсе і Варшаве для людзей, якія перажылі катаванні і жорсткае абыходжанне. Акрамя таго, мы праводзім анлайн-групы, што дазваляе далучацца пацярпелым, якія знаходзяцца ў розных краінах.

Праца груп накіравана на змяншэнне наступстваў псіхалагічнай траўмы, аднаўленне пачуцця бяспекі, развіццё навыкаў самарэгуляцыі і фармаванне ўзаемнай падтрымкі. У кожнай групе ўдзельнічаюць 5–7 чалавек, што забяспечвае бяспечную атмасферу і магчымасць індывідуальнай увагі. Усе ўдзельнікі задакументаваныя Камітэтам, што дазваляе выбудоўваць сістэмнае суправаджэнне падтрымкі.

Рэкрэацыйныя і аднаўленчыя мерапрыемствы

Мы арганізуем нетраўма-фокусаваныя мерапрыемствы, ствараючы бяспечную прастору для эмацыйнага аднаўлення, змяншэння стрэсу і ўмацавання сацыяльных сувязяў.

У 2025 годзе былі арганізаваныя творчыя і кулінарныя майстар-класы, накіраваныя на зніжэнне ўзроўню стрэсу і эмацыйнае аднаўленне ўдзельнікаў. Праводзіўся майстар-клас па кераміцы, дзе ўдзельнікі маглі стварыць кубак або талерку. Праца з глінай і ручная дзейнасць дапамагалі расслабіцца і атрымаць пазітыўны эмацыйны досвед.

Таксама адбыўся майстар-клас па пляценні гарлячак — традыцыйных беларускіх упрыгожанняў. Удзельнікі пазнаёміліся з гісторыяй і культурным кантэкстам і мелі магчымасць паразмаўляць у спакойнай і падтрымліваючай атмасферы.

Акрамя таго, быў арганізаваны кулінарны майстар-клас, прысвечаны літоўскай кухні. Сумеснае прыгатаванне страў спрыяла зніжэнню напружання і ўмацаванню ўзаемнага даверу.

Мы праводзім трохдзённыя рэтрыты для задакументаваных пацярпелых. Рэтрыты накіраваныя на аднаўленне псіхалагічнага і фізічнага стану людзей, якія знаходзяцца ў працяглым стрэсе з-за рэпрэсій і вымушанай эміграцыі. З удзельнікамі працуе псіхолаг з досведам суправаджэння ахвяр катаванняў; праграма ўключае цялесныя практыкі, псіхаадукацыю, індывідуальныя кансультацыі і адпачынак у бяспечным асяроддзі.

Юрыдычная і міграцыйная падтрымка

Мы аказваем індывідуальныя юрыдычныя кансультацыі ахвярам катаванняў і жорсткага абыходжання. Падтрымка ўключае суправаджэнне па пытаннях універсальнай юрысдыкцыі, звароты ў міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека, а таксама падрыхтоўку заяваў і іншых працэсуальных дакументаў.

Асобным кірункам з’яўляецца дапамога па міграцыйных пытаннях. Мы кансультуем па працэдурах атрымання міжнароднай абароны, статусу бежанца або гуманітарных падстаў для пражывання, аказваем садзейнічанне ў падрыхтоўцы дакументаў і ўзаемадзеянні з міграцыйнымі службамі. Такая падтрымка зніжае ўзровень нявызначанасці, умацоўвае пачуццё бяспекі і спрыяе сацыяльнай інтэграцыі.