Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадстаўляе вынікі грамадскага расследавання падзей, якія адбываліся ў Кастрычніцкім РУУС Мінска ў перыяд з 7 па 13 жніўня 2020 года.
Праз сабраныя сведчанні пацярпелых мы даследуем храналогію і характар злачынстваў. У выніку мы прыходзім да высновы, што гвалт у Кастрычніцкім РУУС насіў мэтанакіраваны характар.
У расследаванні прыводзяцца доказы збіцця затрыманых падчас «прыёмкі», практыка прымусовага ўтрымання людзей у нязручных позах (шматгадзіннае стаянне на каленях, фіксацыя тварам у бетонную падлогу ці сцяну), што было накіравана на фізічны і ментальны злом чалавека.
Намі зафіксаваныя факты псіхалагічнага ціску і пагроз расстрэлам, якія стваралі ў затрыманых адчуванне поўнай прававой і фізічнай неабароненасці. Умовы ўтрымання, уключаючы адсутнасць доступу да вады, ежы і медыцынскай дапамогі, у дадзеным кантэксце кваліфікуюцца намі як наўмыснае прычыненне пакут.
Асаблівая ўвага ў расследаванні нададзена прававой кваліфікацыі дзеянняў сілавікоў. Аналіз фактаў дае падставы сцвярджаць, што тое, што адбывалася ў Кастрычніцкім РУУС Мінска, — частка свядомага і шырокамаштабнага нападу на грамадзянскае насельніцтва. Гэта дазваляе казаць, што дзеянні дзяржавы — гэта злачынствы супраць чалавечнасці паводле сэнсу міжнароднага права.
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі падкрэслівае, што згодна з артыкулам 85 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, асобы, вінаватыя ў злачынствах супраць бяспекі чалавецтва, не падлягаюць вызваленню ад адказнасці ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў даўнасці.
Дадзенае расследаванне стане базай для будучага правасуддзя і прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Поўную версію расследвання можна спампаваць ТУТ

