Катаванні людзей ЛГБТК+ і гамафобная палітыка рэжыму

Справаздача Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі ў суаўтарстве з Прававой ініцыятывай. На аснове дадзеных, сабраных  Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі і ПЦ «Вясна».

Гамафобія ў Беларусі распаўсюджана досыць даўно і на самым высокім узроўні. З 2010 года ў СМІ з’яўляюцца публічныя гамафобныя выказванні Аляксандра Лукашэнкі. Перыядычна ўзнікаюць навіны пра напады на падставе нянавісці.

АМАП затрымлівае ўдзельнікаў акцыі за правы ЛГБТ у Мінску, 15 траўня 2010. Фота: VICTOR DRACHEV/AFP via Getty Images
Удзельнікі пратэсту за правы ЛГБТ у міліцэйскай машыне, 15 траўня 2010. Фота: VICTOR DRACHEV/AFP via Getty Images

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 сітуацыя пагоршылася — пачаліся масавыя рэпрэсіі, у тым ліку і ў дачыненні да прадстаўні_ц ЛГБТК+.

Пад час затрымання да асоб, якія выглядалі «ненарматыўна», ужываўся фізічны і псіхалагічны гвалт у выглядзе абраз, зневажанняў і пагроз.  Вось што распавядаюць сведкі, чые гісторыі задакументавалі Міжнародны камітэт і Вясна:


Двое АМАПаўцаў, стоячы нада мною, казалі: «Зараз дручкі ў дупу табе будзем засоўваць, зараз цябе згвалцяць. Трэба Толіка паклікаць, ён у нас галоўны практолаг».


Я трансхлопец, я маю грудзі. Мне сказалі: «Ідзі нахуй, назваўся хлопцам — не выёбвайся! Раз такі хлопец, значыць, распранайся да майткаў, нам похуй!»


У наш аўтазак трапіў хлопец, у якога былі фотаздымкі, дзе ён цалуецца са сваім хлопцам. Я не бачыў, што там адбывалася. Але аўтазак хістаўся ад таго, як яго білі.

Беларуская дзяржава стала выкарыстоўваць людзей ЛГБТК+ для прапаганды. Напрыклад, на «пакаяльных відэа» пасля катавання затрыманых прымушаюць казаць пра сваю сэксуальную арыентацыю.

Затрыманага па «справе Зельцара» Віталя Рубіча прымушаюць казаць на камеру пра сваю сэксуальную арыентацыю.

У 2021 годзе ў Беларусі былі ліквідаваныя практычна ўсе незалежныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, што працуюць з тэмай ЛГБТК+. У людзей не засталося ніякіх інструментаў абароны ад гамафобіі.

Пачынаючы з 2022 года, беларускія праўладныя медыя сталі трансляваць пазіцыю расійскіх уладаў датычна супольнасці ЛГБТК+. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава заявіла пра магчымае з’яўленне закона аб забароне прапаганды ЛГБТК+ у Беларусі. У 2023 годзе падобнае меркаванне пацвердзіў Лукашенка.

Людзі ЛГБТК+ рабіліся ахвярамі не толькі пагрозаў, але і гвалту. Пра гэта сведчыць Вярхоўная камісарка ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет.

«Нашыя звесткі пацверджаюць факты згвалтавання затрыманых і ўжывання іншых формаў сэксуальнага і гендэрнага гвалту ў дачыненні як мужчын, так і жанчын. Медыцынскія запісы, вывучаныя намі, сведчаць пра наяўнасць траўмаў мужчынскіх геніталій».

Мішэль Бачэлет, Вярхоўная камісарка ААН па правах чалавека

Рэжым Лукашэнка не можа гарантаваць людзям ЛГБТК+  абарону ад гвалту, абарону ад катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання, а таксама абарону ад дыскрымінацыі на падставе сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці.

Рэспубліка Беларусь не прытрымліваецца міжнародных дамоваў, бокам якіх яна з’яўляецца, тым самым парушаючы міжнароднае права.


Вы можаце падтрымаць нашу працу праз Patreon нашых заснавальнікаў.