«На калені, гніды!.. Я б іх проста тут расстраляў»

8–13 жніўня 2020 года
Партызанскае РУУС г. Мінска.


Грамадскае расследаванне на аснове задакументаваных матэрыялаў Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі і Праваабарончага цэнтра «Вясна».

Дадзенае грамадскае расследаванне прысвечана падзеям, што адбываліся ў Партызанскім РУУС г. Мінска ў перыяд з 8 па 13 жніўня 2020 года — аднаму з эпізодаў масавых катаванняў і жорсткага абыходжання з грамадзянамі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Дакумент падрыхтаваны Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі ў межах сістэмнай працы па дакументаванні злачынстваў супраць чалавечнасці. Расследаванне грунтуецца на 43 паглыбленых індывідуальных інтэрв’ю, сабраных Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі і Праваабарончым цэнтрам «Вясна» з людзьмі, якія былі незаконна затрыманыя і дастаўленыя ў Партызанскае РУУС г. Мінска, а таксама на аналізе фотаздымкаў траўмаў, медыцынскіх дакументаў і інфармацыі з адкрытых крыніц.

У дакуменце крок за крокам, па днях і гадзінах, адноўлена храналогія таго, што адбывалася з затрыманымі — ад моманту адвольных затрыманняў на вуліцах горада да іх незаконнага ўтрымання ў падвале, актавай зале і іншых памяшканнях Партызанскага РУУС, якія цалкам не прызначаныя для ўтрымання людзей.

Сведчанні пацярпелых малююць карціну сістэматычнага гвалту: людзей збівалі і зневажалі, утрымлівалі ў перапоўненых і антысанітарных памяшканнях, пазбаўлялі сну, вады і элементарнай медыцынскай дапамогі. Ім пагражалі забойствам, псіхалагічна ламалі, а затым афармлялі «сфабрыкаваныя» адміністрацыйныя пратаколы, каб надаць катаванням выгляд «законных працэдур».

Гэта не асобныя эксцэсы і не памылкі асобных супрацоўнікаў — гэта адладжаны механізм запалохвання і падаўлення, у якім чалавечая годнасць цалкам абясцэньваецца. Дакумент паказвае, як за зачыненымі дзвярыма раённага ўпраўлення міліцыі адбывалася тое, што ахвяры дагэтуль называюць аднымі з самых страшных дзён у сваім жыцці.

Асобныя раздзелы расследавання прысвечаны:

  • наступствам катаванняў і жорсткага абыходжання для фізічнага і псіхічнага здароўя затрыманых;
  • аналізу роляў і адказнасці канкрэтных службовых асоб і супрацоўнікаў сілавых структур;
  • прававой кваліфікацыі дзеянняў супрацоўнікаў Партызанскага РУУС у адпаведнасці з нацыянальным і міжнародным правам.

Дакумент утрымлівае даволі аб’ёмны пералік супрацоўнікаў Партызанскага РУУС горада Мінска, якія праходзілі службу ў жніўні 2020 года і пазней. Ён змяшчае персанальныя і іншыя даныя, сфармаваныя экспертамі Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі шляхам аналізу адкрытых крыніц, звестак, атрыманых ад ініцыятывы «КіберПартызаны», і праведзеных дакументаванняў.

Расследаванне дэманструе, што гвалт у Партызанскім РУУС не меў выпадковага ці спантаннага характару, а з’яўляўся часткай скаардынаванай практыкі падаўлення грамадзянскага пратэсту. Нягледзячы на маштаб і задакументаванасць злачынстваў, вінаватыя асобы да гэтага часу не прыцягнутыя да адказнасці.

Публікацыя дадзенага дакумента накіравана на захаванне доказаў, аднаўленне праўды пра тое, што адбылося, і садзейнічанне прыцягненню вінаватых да адказнасці ў межах міжнародных механізмаў правасуддзя.

Калі вы ведаеце канкрэтных асоб, якія ажыццяўлялі катаванні і жорсткае абыходжанне з затрыманымі ў жніўні 2020 года ці ў іншыя перыяды, просім звязацца з Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі.

Поўную версію расследвання можна спампаваць ТУТ