«Сардэчна запрашаем у гестапа»: Катавальня ГУБАЗіКа ў тварах

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставіў новыя доказы сістэмных катаванняў і жорсткага абыходжання – даследаванне, якое раскрывае асобы супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, адказных за рэпрэсіі і гвалт супраць мірных грамадзян.

Чаму гэта важна?

Беларусь застаецца адной з нямногіх краін у Еўропе, дзе сілавікі, датычныя да катаванняў і рэпрэсій, працягваюць дзейнічаць беспакарана. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і журналісты неаднаразова фіксавалі парушэнні, але нам удалося ўстанавіць канкрэтныя асобы тых, хто стаіць за гвалтам. Наша мэта – дэананімізаваць злачынцаў у пагонах, датычных да катаванняў і жорсткага абыходжання, перадаць іх дадзеныя ў органы правасуддзя і дамагчыся справядлівасці.

ГУБАЗіК – інструмент рэпрэсій

У аснову нашага даследавання леглі сведчанні пацярпелых, якія падвяргаліся збіванням, прыніжэнням, прымусовым прызнанням і іншым формам гвалту з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, пачынаючы з 2020 года. Таксама праваабаронцы сабралі пацверджаныя дадзеныя трох сілавікоў, датычных да катаванняў, уключаючы іх імёны, пасады і юрыдычную ацэнку іх злачынстваў.

Мы ведаем, хто яны. Мы ведаем, што яны рабілі. І гэта:

Аляксандр Алёкса
– намеснік начальніка 3-га ўпраўлення, арганізатар катаванняў, фабрыкацый крымінальных спраў і рэпрэсіўных акцый супраць пратэстоўцаў.

Валерый Высоцкі

– старшы аператыўнік, датычны да жорсткіх катаванняў, у тым ліку з пагрозамі сэксуалізаванага гвалту.

Іван Тарасік

– намеснік начальніка 1-га аддзела, удзельнік стварэння «пакаянных відэа» і шантажу сем’яў затрыманых.

Гэта толькі пачатак

Гэтыя тры фігуранты даследавання – толькі пачатак. Праваабаронцы працягваюць працу, каб выявіць новыя асобы супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, датычных да катаванняў і гвалту супраць нязгодных з палітыкай Лукашэнкі.

Мы заклікаем да максімальнага распаўсюду гэтага даследавання: злачынцы павінны ведаць, што іх учынкі дакументуюцца, і ў будучыні яны паўстануць перад судом.

Спампаваць даследаванні на расейскай і беларускай мовах можна ТУТ:

БЕЛАРУСКАМОЎНАЯ ВЕРСІЯ

РАСЕЙСКАМОЎНАЯ ВЕРСІЯ