УНІВЕРСАЛЬНАЯ ЮРЫСДЫКЦЫЯ — ЗАКОННЫ СПОСАБ ЗМАГАЦЦА ЗА СВАЕ ПРАВЫ

Беларусь сёння — “краіна, дзе не да законаў”. Пацверджанне гэтага — масавыя катаванні, якімі сілавікі адказваюць на мірныя пратэсты. Пачуццё справядлівасці падказвае, што такія абуральныя злачынствы павінны быць пакараны. Але як гэтага дамагчыся, калі судовая сістэма РБ не бароніць права сваіх грамадзянаў, а, наадварот, сама іх парушае?

У такіх сітуацыях на дапамогу прыходзяць міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека. Адзін з іх — універсальная юрысдыкцыя.

Пасля Другой сусветнай вайны найболей жорсткія злачынствы — генацыд, масавыя катаванні, пераслед за погляды і перакананні — былі вылучаны ў асобную катэгорыю “злачынствы супраць людскасці”. У надзеі надалей пазбягаць жахаў фашызму, урады краін дамовіліся судзіць за такія злачынствы па-за залежнасцю ад месца, дзе яны былі здзейснены.

Успомніце сітуацыю з амерыканскіх фільмаў. Як толькі бандыт, уцякаючы ад паліцыі, перасякае мяжу штата, пагоня адразу спыняецца са словамі «мы не можам яго арыштаваць, гэта не наша юрысдыкцыя».

У рэальнай судовай сістэме ўсё працуе гэтак сама. Калі злачынец зрабуе банк у адной краіне і схаваецца ў іншай, без адмысловай дамоўленасці паміж дзяржавамі судзіць яго нельга.

Але толькі калі гаворка не ідзе пра “злачынствы супраць людскасці”. За іх судзіць могуць у кожнай краіне. Таму такі падыход называюць ўніверсальная юрысдыкцыя. То бок, якая не залежыць ад месца злачынства ці грамадзянства злачынцы.

Так, у 2021 годзе ў Германіі судзілі экс-палкоўніка сірыйскіх спецслужбаў і паслугача рэжыму Башара Асада. Суд прызнаў Анвара Г. вінаватым у 4000 выпадкаў катаванняў, 30 забойствах і 3 выпадках сэксуальнага гвалту і прысудзіў да пажыццёвага зняволення. Пры гэтым ні Анвар, ні ўчыненыя ім злачынствы не мелі ніякага дачынення да Германіі.

ШТО ГЭТА ЗНАЧЫЦЬ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ?

Калі вас затрымалі ці катавалі за мірные выказванне палітычнай пазіцыі — вы можаце падаць у суд у крымінальныя органы кожнай краіны, якая падзяляе прынцыпы ўніверсальнай юрысдыкцыі.

На дадзены момант (верасень 2022 года) расследаванне масавых катаванняў у Беларусі ўжо вядзецца ў Літве — заведзена адна справа, у якую дадаюцца асобныя кейсы.

Не выключаем, што ў будучыні да судоў над сілавікамі далучыцца Польшча і іншыя краіны Еўропы.

ШТО ТРЭБА РАБІЦЬ?

Адна з задачаў Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі — дапамагчы пацярпелым скарыстацца прынцыпамі ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Калі вы хочаце даць сведчанні і дадаць сваю гісторыю да агульнага расследавання, вам трэба:

1 Задакументавацца ў Камітэце

2 Заявіць пра сваё жаданне

3 Прыехаць у краіну, у якой вядзецца расследаванне (цяпер гэта Літва)

4 З дапамогай юрыстаў Камітэта напісаць заяву ў пракуратуру

5 Прайсці допыт і даць сведчанні

6 Атрымаць пастанову пра пачатак расследавання

7 Быць гатовым прыехаць на паўторны допыт

ВАЖНА!

Расследаванне спраў такога маштабу — гэта доўгі працэс. Следчыя ворганы імкнуцца сабраць як мага больш доказаў, таму рэальных вынікаў давядзецца чакаць ад года да дзясяткаў год.

Тым не менш сёння — гэта адзіны легальны спосаб бараніць свае правы!

Добрыя навіны — злачынствы супраць людскасці не маюць тэрміну даўнасці. Таму вы можаце быць упэўнены, што справядлівасць абавязкова пераможа!

МЫ ДАПАМОЖАМ

Калі вы вырашыце пайсці гэтым шляхам — мы паспрабуем зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб вам дапамагчы!

Аплацім:
▪️ Праезд
▪️ Жытло
▪️ Падамо юрыдычнае суправаджэнне

Запоўніце анкету ці форму на сайце

Так мы зможам звязацца з вамі, задакументаваць вашу гісторыю і расказаць пра далейшыя крокі.

Вы заўсёды можаце напісаць нам у Instagram і Telegram — мы адкажам на кожнае пытанне!