Вязні Акрэсціна сведчаць
Грамадскае расследаванне выпадкаў масавых катаванняў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў горада Мінска 9 – 14 жніўня 2020 года
Сярод жахаў 9-14 жніўня 2020 года самыя кашмарныя падзеі адбываліся ў Цэнтры ізаляцыі парушальнікаў на Акрэсціна. За гэтыя пяць дзён праз ЦІП, разлічаны на 110 чалавек, сілавікі «прагналі» больш за 3000 затрыманых.

Сярод іх былі непаўнагадовыя, людзі пенсійнага ўзросту, людзі з інваліднасцю, выпадковыя мінакі.
Усе затрыманыя траплялі пад прыніжальныя працэдуры пры размяшчэнні ў ЦІП, жорсткае збіццё, утрымліваліся ў нечалавечых умовах у перапоўненых камерах без ежы і вады па двое і болей сутак.



Людзей збівалі пры любой спробе высветліць свой статус, патрабаваць выканання сваіх правоў і медыцынскай дапамогі.
У ноч з 12 на 13 жніўня родныя тых, хто ўтрымліваўся ў ЦІП на Акрэсціна запісалі гукі бесперапыннага збіцця, што было добра чуваць на вуліцы. На запісах чуваць галасы людзей, якія гучна крычаць ад болю і просяць пра літасць.
Вось, што расказвалі сведкі:
Самае жорсткае – гэта калі я прачнуўся ў гадзіну ночы ад крыкаў людзей. Мужчынаў білі так моцна дубінкамі, што было чуваць хруст костак, крыкі былі такія моцныя, што людзей быццам бы палілі. Дарослыя мужыкі крычалі: «Мама! Дапамажыце! Ратуйце!»
Адна супрацоўніца папрасіла: «Надзеньце гэтых хлапцоў на вашыя дубінкі». Гэта была мэтанакіраваная атака на людзей. Усе былі максімальна агрэсіўна настроеныя: «Колькі вам плацяць?», «Жывёла!», «Мы вас тут усіх зараз пазабіваем!»
З мяне зрабілі кола – закінулі з-за спіны, як кола, ногі, рукі і надзелі кайданкі. 30–40 хвілінаў я трымаўся. Страціў прытомнасць. Ну, давялося потым сказаць код ад тэлефона. Самае страшнае – тое, што там былі асабістыя дадзеныя блізкіх.
Мы вывучылі 101 гісторыю — больш за 1000 старонак тэксту. Кожны сведка асабіста знаходзіўся на Акрэсціна 9-14 жніўня і прайшоў праз гэта пекла.
На падставе іх аповедаў мы правялі грамадзянскае расследаванне — склалі храналогію падзей, правялі апазнанне сілавікоў, якія здзяйснялі злачынствы, далі юрыдычную ацэнку іх дзеянням.